Каласавіны на Палессі
З нагоды дня нараджэння класіка айчыннай літаратуры Якуба Коласа, на Піншчыне, да канца тыдня ладзяцца мерапрыемствы ў гонар Народнага паэта. Гэта традыцыйныя вечары ў ягоным музеі ў вёсцы Пінкавічы, выставы ў дзіцячай гарадской бібліятэцы, якая носіць імя песняра Беларусі.
“Двойчы Якуб Колас, у якасці настаўніка, трапляў на Піншчыну і гэта былі знакавыя ў ягоным жыцці перыяды”, – кажа краязнаўца Эдвард Злобін:
– У яго жыцці Піншчына адыграла знакавую падзею. Ён тут быў двойчы. Спачатку ён быў у Пінкавічах, і тое, што гэта адлюстравана ў рамане „На ростанях” бярэ за душу, што ўзгадваецца Пінск у літаратурным творы такога рангу і такога рангу пісьменніка. І ў яго жыцці Піншчына адыграла значную ролю – тут ён ажаніўся.
Акрамя шлюбу, ў Пінску, ў 1914 годзе ў Коласа нарадзіўся першы сын Даніла. Краязнаўца ўпэўнены, што калі б не Першая Сусветная вайна пісьменнік бы не пакідаў горад над Пінай. Тут ён ужо ўладкаваў свой побыт, меў добрую працу ў вучэльні і паспяхова пачаў займацца творчасцю.
Беларускае Радыё Рацыя