„Каласы пад сярпом тваім” – лепшая кніга Беларусі 2019 года



Кніга Уладзіміра Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім”, перавыдадзеная выдавецтвам „Папуры”, прызнана самай папулярнай у 2019 годзе.

Міністэрства інфармацыі сумесна з Нацыянальнай кніжнай палатай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі 13 снежня далі старт праекту „Кнігі Беларусі. Год 2019”. Мерапрыемства прайшло ў выставачнай зале Нацыянальнай бібліятэкі. Сотні выдаўцоў дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, грамадскіх і рэлігійных аб’яднанняў, індывідуальныя прадпрымальнікі запрошаны на ўнікальную выставу, якая прадставіла кнігі, выдадзеныя ў Беларусі ў 2019 годзе. Сімвалічным адкрыццём выставы стала прадстаўленне беларускага аўтара (яго кнігі), які па выніках аналізу інфармацыі кнігагандлюючых арганізацый, Нацыянальнай кніжнай палаты з’яўляецца найбольш папулярным у сучаснага чытача.

„Найбольш папулярных аўтараў і кнігі вельмі складана выбіраць. Мы ўзялі аналітыку з OZ.by, „Белкнігі”, „Саюздруку”, тавараправодных сетак аб тым, колькі кніг было куплена, якога аўтара, якая кніга была найбольш запатрабавана ў 2019 годзе, – сказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. – У выніку перамагла кніга Уладзіміра Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім”, перавыдадзеная выдавецтвам „Папуры”. Што вельмі сімвалічна напярэдадні 90-годдзя класіка, якое мы будзем адзначаць у наступным годзе”.

Сённяшняя кніжная падзея павінна падкрэсліць значэнне кнігі, культуры чытання, ролі кнігавыдаўцоў, аўтараў у Беларусі. На выставе прадстаўнікам кнігавыдавецкай сферы, а таксама ўсім, хто звязаны з папулярызацыяй кнігі, яе пашырэннем у грамадстве, прадстаўлена магчымасць ацаніць кніжны прадукт 2019 года, убачыць беларускія кнігі – пераможцы нацыянальнага і міжнародных конкурсаў, у нефармальнай абстаноўцы паразмаўляць з тымі, хто ўносіць свой уклад у захаванне традыцый і развіццё сучаснага нацыянальнага кнігавыдання. Чакаецца, што выстава будзе працаваць да лютага.

Акрамя таго, у Нацыянальнай бібліятэцы ўручаны дыпломы за выпуск у бягучым годзе самай вялікай колькасці выданняў – па тыражах, па найменнях, за папулярызацыю беларускай мовы, выпуск кніг, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прэзентацыйных выданняў. Арганізатары мерапрыемства і выдавецтвы Беларусі ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі „Нашы дзеці” падарылі сюрпрыз Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнату – бібліятэчку дзіцячай літаратуры. Дарэчы, менавіта Бялынічы прымуць у 2020 годзе Дзень беларускага пісьменства. Таксама адбыўся паказ спектакля-мюзікла „Пясняр” акцёрамі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага. Пастаноўка прысвечана народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну, дзякуючы якому беларуская паэзія і песня сталі часткай сусветнай культуры.

belta.by

Фота: nlb.by