Калекцыя, прысвечаная беларускай дудзе



У Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы выстаўлена для чытачоў і пастаянна працуе цікавая калекцыя, прысвечаная беларускай дудзе. Калекцыя літаратуры пра дуду пастаянна расце. Яна ўжо налічвае каля 30 кніг з розных краін свету, што сведчыць пра цікаўнасць да гэтага музычнага інструменту ў Еўропе. Нядаўна пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын падараваў бібліятэцы ў Глыбокім дзве рэдкія кнігі – зборнік народных песень “Дудар”, выдадзены ў Нью-Ёрку ў 1970 годзе і кнігу Міколы Куліковіча “Беларуская музыка”, выдадзеную ў Нью-Ёрку ў 1953 годзе.

У калекцыі, прысвечанай беларускай дудзе, ёсць не толькі кнігі, але і рэпрадукцыі карцін мастакоў, фотаздымкі скульптурных і дэкаратыўных прац па тэме, электронныя носьбіты з запісамі гучання дуды і іншыя экспанаты.

Супрацоўнікі бібліятэкі будуць ўдзячныя ўсім, хто падаруе ў калекцыю ўсё, што звязана з беларускай дудой.

Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае