Калекцыянер з Манака перадасць у дар НММ працы беларускіх майстроў



Працы беларускіх майстроў перадасць у дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі калекцыянер з Манака.

Цырымонія перадачы вядомым калекцыянерам, мастацтвазнаўцам, кандыдатам гістарычных навук Георгіем Хаценковым твораў адбудзецца 14 лютага. Сярод іх – работы народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Слабодчыкава, скульптара Галіны Гаравой, жывапісца Аляксея Марачкіна і іншых.

Выстава „Дары музею” працягнецца некалькі дзён: з 14 па 18 лютага. Пасля гэтага экспанаты адправяцца ў адпаведныя аддзелы музейнага фонду, дзе імі зоймуцца навуковыя супрацоўнікі.

„Дар Георгія Фёдаравіча Хаценкова – своеасаблівая праява клопату суайчынніка пра беларускія музеі”, – адзначылі ў музеі.

Фота artcotedazur.fr

Георгій Хаценкоў нарадзіўся 6 траўня 1950 года ў Беларусі. Вучыўся ў Расеі, працаваў журналістам на радыё і тэлебачанні. З 1990-х гадоў займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Збіраць творы мастацтва пачаў у 1980-х гадах, і паступова калекцыянаванне стала для яго справай жыцця. Сёння заснаваная мужам і жонкай Георгіем і Таццянай Хаценковымі галерэя МС Fine Arts у Манака налічвае больш за 5 тыс. жывапісных і графічных твораў, якія належаць пэндзлю каля 500 мастакоў.

belta.by