Калектыў „Падляшскі вянок” атрымлівае міжнародныя ўзнагароды
Танцавальны калектыў «Падляшскі вянок» пры Таварыстве дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову «AB-BA», заняў 1 месца ў намінацыі „народны танец» (9-12 гадоў), 2 месца ў намінацыі «народны танец» (13-15 гадоў) і 1 месца ў намінацыі «сцэнічны танец» (13-15 гадоў). Паведаміла кіраўнік калектыву, педагог-харэограф Аксана Прус.
Высокія ўзнагароды ўдзельнікі атрымалі падчас міжнароднага фестывалю фальклору, танца і музыкі «Пражскія зоркі», які адбыўся ў сталіцы Чэхіі. Мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Еўрапейскай арганізацыі народных фестываляў.
На «Пражскіх зорках» таксама была адзначана творчасць вакальнага дуэта “Nowyja Padlasaczki” аб’яднання «AB-BA». Пад кіраўніцтвам Аксаны Галамбоўскай калектыў заняў 2 месца ў намінацыі «фальклорныя спевы» (13-15 гадоў).
Моладзевая група «Падляшскага вянка» і вакальнае трыа «Падлясачкі» атрымалі дыпломы пераможцаў VIII Міжнароднага фестывалю песні, танца і фальклору “Краіна легенд” з Грузіі, які праходзіў з 10 па 16 ліпеня ў розных гарадах краіны.
Падчас фестываляў калектыў прадставіў мастацкую праграму высокага ўзроўню: народныя і сцэнічныя танцы і песні, адлюстроўваючы разнастайнасць рэгіянальнай культуры Падляшша. Бурныя апладысменты сабрала трыа «Падлясачкі», выканаўшы грузінскую народную песню «Скан Галуа».
Акрамя конкурсных канцэртаў знайшоўся час і на наведванне помнікаў і краявідаў Грузіі і Чэхіі. Удзельнікі і кіраўнікі калектыву задаволены поспехамі і рыхтуюцца да новага танцавальнага года, марачы аб новых творчых святах.
Арына Ганцэвіч, Беларускае радыё Рацыя
Фота прадстаўлены аб’яднаннем «АВ-ВА»