Калектыў Універсітэта імя Ніла Гілевіча падрыхтаваў першы навучальны дапаможнік



Калектыў стваранага прыватнага беларускамоўнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча падрыхтаваў першы навучальны дапаможнік для студэнтаў — зборнік матэрыялаў па філасофіі, паведаміў БелаПАН выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Алег Трусаў.

Паводле яго слоў, прадстаўлены на пасяджэнні рэктарата ВНУ 9 ліпеня дапаможнік плануецца выдаць у верасні.

На працягу ліпеня, адзначыў Трусаў, адміністрацыя ўнівірсітэта мае намер прадставіць на экспертызу ў спецыяльныя камісіі пры дзяржаўных універсітэтах 19 распрацаваных вучэбна-метадычных комплексаў, без якіх немагчыма атрымаць ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць. „Гэтыя дакументы гатовыя, найбліжэйшым часам мы накіруем іх у камісіі пры Беларускім дзяржаўным універсітэце і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў”, — удакладніў суразмоўца. Ён мяркуе, што вучэбна-метадычныя комплексы могуць быць разгледжаныя да верасня.

Трусаў паведаміў, што на пасяджэнні рэктарата была прадстаўленая бібліятэка ўніверсітэта, у якую ўваходзіць каля тысячы найменняў кніг.

„Ёсць яшчэ пытанні, звязаныя з выкладчыкамі. У нас ужо ёсць 106 выкладчыкаў, аднак Мінадукацыі патрабуе, каб пэўная іх колькасць працавала ў штаце”, — сказаў Трусаў.

Ствараць прыватны беларускамоўны ўніверсітэт ТБМ пачало ў 2017 годзе. У канцы верасня таго ж года Мінгарвыканкам зарэгістраваў ВНУ як структурнае падраздзяленне ТБМ і вылучыў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць назву ВНУ. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спробаў у выніку яе зарэгістравалі як „Універсітэт імя Ніла Гілевіча”. Неўзабаве быў зарэгістраваны і статут універсітэта, згодна з якім навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях.

Зараз заснавальнікі ВНУ займаюцца падрыхтоўкай дакументацыі, неабходнай для атрымання ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць. Меркавалася, што спроба атрымаць ліцэнзію ў Міністэрстве адукацыі будзе зробленая ў лютым, аднак яе вырашылі адкласці на некалькі месяцаў у сувязі з узніклай неабходнасцю распрацаваць вучэбна-метадычныя комплексы.

Ва ўніверсітэце плануюць адкрыць чатыры кафедры, на якіх будуць рыхтаваць студэнтаў у абласцях паланістыкі, германістыкі, музейнай справы і аховы гісторыка-культурнай спадчыны, камп’ютарных тэхналогій у сферы культуры і адукацыі, мастацкага перакладу і літаратуразнаўства.

Падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка, у якой сярод іншых ўдзельнічаў Алег Трусаў, Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў стварэнне Універсітэта імя Ніла Гілевіча. „Тое, што вы там — гэта трэба пацікавіцца — універсітэт стварылі самі, не спадзеючыся ні на каго, — ну, гэта добра”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. У той жа час ён папярэдзіў Трусава: „Толькі каб гэта быў, Алег, правільны ўніверсітэт. Ну мы ж з табой ужо пражылі нямала часу. Каб рускую мову паважалі і вывучалі”.

belapan.by