Календары ад Hrodna.life са здымкамі старой Гародні
Гарадзенскія журналісты, што працуюць на партале Hrodna.life, выдалі календары са здымкамі старой Гародні.
Пра адметнасць праекту распавядае адна са стваральніц – журналістка Ірына Новік:
– Мы выкарыстоўваем там фотаздымкі, якія рабіліся цягам года. У мінулым годзе адным з самых адметных нашых праектаў стала праца са сталымі гарадзенцамі. Наш журналіст Руслан Кулевіч збіраў успаміны пра 30-40-я гады жыцця ў Гародні. Таму наш настольны каляндар ілюстраваны фотаздымкамі з асабістых архіваў нашых герояў.
На насценным календары выкарыстаны здымкі вядомай гарадзенскай фатографкі Наталлі Дораш. Пра тое, чаму быў зроблены такі выбар, кажа Ірына Новік:
– Мы выкарысталі тую нагоду, што 2019 год будзе годам Свінні. На адной з выставаў Наталлі Дораш, прысвечанай таксама мінуўшчыне нашага горада, мы заўважылі фотачку са свіннёй. Наталля распавяла цікавую гісторыю, што гэтую свінню яна сустрэла на Савецкай вуліцы, і адзін вельмі пільны грамадзянін стараўся яе спыніць, калі яна фатаграфавала. Прычынай было жаданне прыпыніць ачарненне савецкай рэчаіснасці.
Ужо цягам бліжэйшых дзён календары будуць накіраваныя падпішчыкам Hrodna.life, а таксама ўладам горада, у тэатры, на выставы ды іншыя культурныя пляцоўкі горада.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня