„Калевала” загучала па-беларуску
Прэзентацыя перакладу сусветна вядомага фінскага эпасу „Калевала” на беларускую мову адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Менску.
На здымку: выдавец Зміцер Колас, перакладчык Якуб Лапатка і рэдактар выдання Лявон Баршчэўскі.
Прэзентацыю беларускамоўнага перакладу „Калевалы” наведаў міністр культуры Барыс Святлоў. Ён заявіў, што выхад гэтай кнігі з’яўляецца знамянальнай падзеяй для айчыннай культуры, і падзякаваў Зміцера Коласа, уладальніка прыватнага выдавецтва, у якім выйшаў пераклад, а таксама за працу перакладчыка Якуба Лапатку.
– Праўду кажучы, калі я браўся за “Калевалу”, па-першае, гэта пачалося вельмі-вельмі даўно. Але момант ісціны наступіў аднойчы: мой добры знаёмы, рускі, хлопец з філалагічнай адукацыяй Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту, з вялікім здзіўленнем сказаў мне: “Ты перакладаеш “Калевалу”? А навошта, бо ёсць па-руску”. Разумееце, мяне гэта вельмі шарахнула па душы, і я яшчэ з большым імпэтам узяўся гэта перакладаць. Перакладаў я, не спадзяючыся ні на што, проста гэта быў нейкі заклік душы.
„Калевала” з’яўляецца нацыянальным эпасам фінскага народа, у аснове якога ляжаць карэла-фінскія народныя песні і паэтычныя паданні, сабраныя і апрацаваныя выбітным фінскім фалькларыстам, лінгвістам і лекарам Эліясам Ленратам. Першае выданне „Калевалы” было ажыццёўлена ў 1835 годзе. Эпас пераведзены на 61 мову, цяпер і на беларускую, паведаміў пасол Фінляндыі ў Літве і Беларусі Хары Мякі-Рэйніка.
Паводле БелаПАН