Калі насамрэч нарадзіўся Мікола Абрамчык?



Вядомая даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка абвергла агульнапрынятую дату нараджэння 5-га старшыні (прэзідэнта) Рады БНР (1947—1970) Міколы Абрамчыка:

– Спецыяльна для Радыё Свабода і ўсіх тых, хто адзначае народзіны Міколы Абрамчыка 16 жніўня. Вы спазніліся на 10 дзён. Ён нарадзіўся 6 жніўня. У якасці доказу тут змяшчаю ўласнаручна ім запоўненую анкету ў БІНіМ, а таксама старонку з газеты „Бацькаўшчына” за 1952 год з вялікім біяграфічным артыкулам, напісаным Лявонам Рыдлеўскім. Паўсюль стаіць 6 жніўня.

Навучаўся Мікола Абрамчык у Радашковіцкай беларускай гімназіі. У 1918 г. быў упаўнаважаным Беларускай Народнай Рэспублікі у Вялейскім павеце.

У пачатку 1920-х гг. з мэтаю каардынацыі дзеяньняў зь менскімі незалежнікамі шмат разоў нелегальна наведваў савецкую Беларусь.

З 1923 г. працягваў адукацыю ў Празе, вучыўся там жа ў сельскагаспадарчай акадэміі, быў дзеячом Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў.

У 1930 пераехаў у Францыю, заснавальнік і кіраўнік “Хаўруса беларускай працоўнай эміграцыі” (1932), выдавец яго пэрыядычных выданьняў “Бюлетэнь” і “Рэха”.

Выканаўчы абавязкі Старшыні Рады БНР ад 1943 г.; Старшыня Рады БНР у 1947—1970 гг.

Удзельнічаў у міжнародным паваенным антыкамуністычным руху, у 1950—1960-я гг. быў прэзыдэнтам Лігі за Вызваленьне Народаў СССР (League for the Liberation of the Peoples of the USSR).

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя