Калі ў Віцебск прыходзіць вясна, ведае фатограф Юрый Шэпелеў



Першая фотавыстава віцебскага фотамастака Юрыя Шэпелева адкрылася ў краязнаўчым музеі.

Гледачы могуць убачыць 60 творчых прац – фотавыяваў вясновага горада, бо выстава невыпадкова называецца “Калі ў Віцебск прыходзіць вясна”. Адбіраць працы для экспазіцыі было складана ўжо таму, што ў архіве назапасілася некалькі тысяч фотаздымкаў, якія аўтар робіць штодня.

– Калі ў мяне з’явіўся першы лічбавы фотаапарат гадоў 10 таму, я стараюся кожны дзень выбіраць пару гадзін для прагулкі менавіта з фотаапаратам. Шмат таго, што ўжо знішчана, засталося ў мяне ў архівах, і я магу гэта перадаставіць для нейкага даследавання, для  выставы, на просьбу сяброў.

Сяброў у Юрыя Шэпелева сапраўды шмат, бо многія захапляюцца і ягоным фотамайстэрствам, і  ягонымі ведамі гісторыі роднага горада. Многія сталі прыхільнікамі творчасці фотамайстра, убачыўшы ягоныя здымкі ў сацыяльных сетках.  Практычна штовечар аўтар публікуе “фотасправаздачы”  са сваіх шпацыраў па Віцебску, і шмат хто  іх чакае з нецярплівасцю, кажа Жанна Жалевіч:

– На прасцягах інтэрнэту пазнаёміліся мы. Юрась – гэта чалавек, які бязмежна любіць свой горад, і кожны здымак – гэта як быццам сам з ім ідзеш. Пачынаеш заўважаць, як прыгожа ў нас. І хоць я і не родам з Віцебска, а пераехала сюды ў даволі сталым узросце, Юрась адкрыў мне вочы на гэты горад.

Мастацтвам фатаграфіі Юрый Шэпелеў захапіўся яшчэ ў школьныя гады, быў удзельнікам і пераможцам розных фотапраектаў, супрацоўнічае з інтэрнэт-выданнем “Народныя Навіны Віцебска”, ягонымі фотаздымкамі праілюстраваны турыстычныя і рэкламныя выданні, а таксама  кнігі і артыкулы віцебскіх аўтараў.

Увесь матэрыял з адкрыцця выставы “Калі ў Віцебск прыходзіць вясна” – тут:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя