«Калі вы не засмяецеся, то заплачаце»: у Вялікабрытаніі анансуюць выхад кнігі Максіма Знака



Незалежнае выдавецтва «Scotland Street Press» анансавала выхад кнігі Максіма Знака «Зэкамерон: 100 гісторый з-за кратаў і павек» (“The Zekameron: 100 Tales from behind bars and eyelashes»). Выданне з’явіцца ў продажы 1 сакавіка, але ўжо сёння на сайце выдавецтва можна зрабіць перадзаказ.

«Мы маем шмат падстаў для святкавання з выхадам гэтай кнігі», — з натхненнем робіць анонс шатландскае выдавецтва, адзін з пунктаў місіі якога — рабіць больш гучнымі галасы ўнікальных аўтараў.

«Scotland Street Press» адзначае, што гісторыі Максіма Знака былі дасланыя непасрэдна перакладчыку выдавецтва Джыму Дынглі (Jim Dingley), які раней пераклаў дзве кнігі з Беларусі — «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі» Тані Скарынкінай, і «Дзеці Аліндаркі» Альгерда Бахарэвіча.

«Прыбыццё рукапісу выклікала пытанне: ці паставіць яе публікацыя пад пагрозу жыццё Знака або дапаможа агітаваць за яго вызваленне з турмы? Паколькі бліскучы адвакат ужо быў прысуджаны да дзесяці гадоў калоніі строгага рэжыму на поўначы Беларусі, яго жонка і сястра заклікалі Scotland Street Press працягнуць публікацыю ў Вялікабрытаніі», — тлумачыць кантэкст і перадумовы публікацыі шатландскае выдавецтва.

Ключавыя тэмы ў зборніку са 100 гісторый — гэта супраціў, выжыванне, важнасць штодзённай руціны і сувязі паміж зняволенымі.

«Стыль пісьма Знака бліжэй да Бэкета, чым да Бакача, — прадстаўляць літаратуру беларускага творцы выдавец. — Ён умела выкарыстоўвае чорную камедыю, каб адлюстраваць паўсядзённыя перажыванні зняволеных. Абсурднасць банальных і жорсткіх абставінаў, у якіх яны аказваюцца, лаканічна і іранічна перадаецца ва ўсіх ягоных апавяданнях. І калі вы не засмяецеся, то заплачаце».

«Той факт, што гэтая кніга наогул існуе, павінен быць цудам. Проста таму, што гэтыя гісторыі былі вывезены кантрабандай … аднак сапраўдная сенсацыя — гэта ментальнае дасягненне, на якое быў здольны зняволены Максім Знак: у яго сітуацыі, якую сапраўды можна было б назваць безнадзейнай, ён усё яшчэ валодае ўнутранай свабодай ствараць літаратуру», — прыводзяць словы нямецкай рэцэнзенткі з Berliner Zeitung Карнэліі Гайслер на кнігу, якая таксама была апублікавана ў Германіі, «Scotland Street Press».

На англійскую мову зборнік гісторый Максіма Знака быў пераствораны перакладчыкамі Джымам Дынглі разам з Элай Дынглі (Jim Dingley, Ella Dingley).

Уступнае слова ў выданні — аўтарства беларуска-амерыканскай паэткі Вальжыны Морт.

Замовіць “The Zekameron: 100 Tales from behind bars and eyelashes» можна тут.

reform.by