«Каложскі дабравест» адбудзецца ў Гародні



З 17-га па 21 лютага ў Гародні пройдзе вялікі музычны фэст, які мае міжнародны статус. Ужо дзевятнаццаты раз харавыя калектывы паўдзельнічаюць у конкурсных праграмах у межах фестывалю праваслаўных спеваў «Каложскі дабравест». Ён арганізуецца з ініцыятывы гарадзенскай праваслаўнай епархіі. У гэтым годзе колькасць удзельнікаў фэсту пашырыцца геаграфічна.

Кажа пра фэст, які мае адбыцца, айцец Анатоль Ненартовіч, сакратар гарадзенскай праваслаўнай епархіі:

– Мы рады запрасіць нашых слухачоў радыё «Рацыя» на фестывальныя дні, якія зусім блізка. Запрашаем у Пакроўскі кафедральны сабор, каб сустрэць гэта свята царкоўнай музыкі, духоўнай музыкі, свята малітвы ў спевах, каб парадавацца разам той справе, якую робяць сотні людзей.

Апрача конкурсных праграмаў для харавых калектываў, на працягу тыдня ўдзельнікаў фестывалю, гарадзенцаў і гасцей чакаюць паэтычныя вечарыны, абмеркаванні і прагляд тэматычных фільмаў, выставаў.

Айцец Анатоль Ненартовіч упэўнены, што такі фармат ужо не мае музычна-харавога абмежавання, а разлічаны на кожнага творчага чалавека:

– У гэтым годзе намаганнямі аргкамітэта, намаганнямі ў першую чаргу дырэктара фестывалю, матушкі Наталлі Гаплічнік, мы пастараліся запрасіць выдатныя калектывы. Каб яны прыехалі да нас, і мы разам з імі падзялілі тую радасць, якую Гасподзь дае нам у гэтай саборнай малітве.

Ужо з панядзелка, 17-га лютага пачнуцца некаторыя культурныя мерапрыемствы ў залі Свята-Пакроўскага сабора. А ўрачыстае адкрыццё фэсту запланавана ў сераду 19-га лютага, а 18-00 гадзіне ў памяшканні Абласнога драматычнага тэатра.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя