«Каложскі Дабравест» у Гародні
Пятнаццаты міжнародны фестываль праваслаўных спеваў «Каложскі Дабравест» пачаўся ў Гародні. Апрача музыкі ўдзельнікаў культурнага форуму чакаюць паказы адмысловых фільмаў, выставы, вечарыны паэзіі. Пра тое, як змяняецца фэст ад самага свайго пачатку кажа архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, адзін з ініцыятараў гэтай імпрэзы.
— Першапачаткова мэтай фестывалю было аднавіць прыхадскі спеў, але гэта не значыць, што сёння мы яго аднавілі. Ён стаў нашмат лепшым і няхай удасканальваецца надалей. Няхай на змену нашым бабулям прыходзіць моладзь, і такі працэс ужо адбываецца ў нашых прыходах. Значыць, людзі не з’язджаюць у цэнтр, а застаюцца ў сваіх прыходах, ходзяць у храм моляцца, спяваюць, і ўдзельнічаюць у літургіі. Цяпер у нашым грамадстве згублены дар узаемаадносінаў, дар людскога сяброўства ў найлепшым разуменні гэтага слова. І калі людзі прыязджаюць да нас і размаўляюць між сабой — гэта ж цудоўна.
Фіналам фестывалю будзе цырымонія ўзнагароджання і гала-канцэрт пераможцаў, у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры 27-га лютага, а 14-ай гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня