Калядная ялінка ў Нью-Ёрку



13 студзеня 2019 года прайшла Калядная ялінка ў беларускім праваслаўным катэдральным саборы БАПЦ Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. Мерапрыемства было падрыхтавана нью-ёркскім аддзелам Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА) і парафіянамі сабора Св. Кірылы Тураўскага.

Імпрэза сабрала беларусаў з розных ваколіцаў Нью-Ёрка, і што асабліва прыемна, многія прыехалі з дзецьмі.

Усіх гасцей чакала цікавая і насычаная праграма са святочнай вячэрай, батлейкай, калядаваннем і Святы Мікалай з падарункамі.

Імпрэза пачалася з батлейкі „Калядная Зорка”, якую падрыхтавалі актывісты БАЗА сумесна з парафіянамі сабора Св. Кірылы Тураўскага. Да стварэння гэтай пастаноўкі спрычыніліся: Таццяна Красоўская, Расціслаў  Гарошка, Алена Пракоп,  Іна Голік, Наталля Федарэнка, Юры Зэкаў і Алег Аплевіч. Таленавітая мастачка Наталля Сарагавец зрабіла лялькі для батлейкі, акцёрамі якой былі: Алена Пракоп,  Іна Голік, Сяргей і Уладзімір  Кудзеліч, Сяргей Жур, Вадзім Уладзіміровіч, Алег Харкавец.

Асноўную частку імпрэзы вёў галоўны калядоўшчык Беларусі, а зараз і Амерыкі, лідар гурта „Vuraj”, арганізатар „Спеўных сходаў”, этнограф Сяржук Доўгушаў. Разам са спадаром Сержуком усе госці перанесліся ў атмасферу сапраўднага каляднага вечара: сустракалі калядоўшчыкаў, частавалі іх, спявалі, вадзілі карагоды і гулялі ў калядныя гульні. Калядныя спевы таксама былі падрыхтаваныя царкоўным хорам сабора Св. Кірылы Тураўскага пад кіраўніцтвам Алы Орса-Рамана.

Напрыканцы вечара да гасцей завітаў Святы Мікалай, які з радасцю слухаў маленькіх талентаў і шчодра адорваў іх за шчырыя выступы.

Наталля Федарэнка

Фота: Таццяна Кудзеліч, Святлана Казачок