Каляды ў палескіх традыцыях
На Берасцейшчыне калядныя ды навагоднія святы ў Драгічынскім і Іванаўскім раёнах прапаноўваюць сустрэць у палескіх традыцыях альбо дакрануўшыся да гістарычнай спадчыны. Музей Напалеона Орды ў Варацэвічах і музей-аграсядзіба “Бездзежскі фартушок” гатовыя прымаць турыстаў у святочныя дні.
Зацікаўленасць на 1-е студзеня ўжо ёсць у груп з Менску. Намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна адзначыла, што Бездзеж і без святаў дорыць непаўторныя эмоцыі:
– Спалучылі музейную экспазіцыю і тыя цікавыя рэчы, якія можна на гэтай аграсядзібе паказаць. Там робяць, напрыклад, майстар-клас па апрацоўцы зерня ці паказваюць хатніх жывёл, або катаюць на брычцы. А калі накрываюць на стол, то трэба сказаць, што на гэтым стале акрамя солі няма нічога купленага – усё сваё. Гэта такое стаўленне – паказаць нашу праўдзівую культуру.
На думку Таццяны Хвагінай, калядная і навагодняя праграма для турыстаў толькі ствараецца ў краіне. З аднаго боку, малая актыўнасць у гэтым кірунку абумоўлена адсутнасцю попыту, а з іншага боку, попыту не можа быць, бо амаль няма годных прапаноў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота orda.of.by