Каляндар “Родны край-2020” без Слуцкага паўстання



Выйшаў з друку штогадовы адрыўны беларускамоўны каляндар “Родны край” на 2020 год. Наклад каляндара 4500 асобнікаў. Склалі яго Алеся Коршак і Надзея Мількевіч.

Каляндар выйшаў з друку на добрай якаснай паперы, калі параўнаць яго паліграфічнае выданне з мінулагоднім і пазамінулагоднімі календарамі. Але па змесце каляндар “Наш край” на 2020 год не вельмі парадаваў чытачоў і тых, хто цікавіцца нашай гісторыяй, культурай, літаратурай і краязнаўствам. У каляндар не ўключаны дзясяткі юбілейных дат вялікіх асобаў Беларусі. У тым ліку і 100-годдзе Слуцкага паўстання супраць савецкай ўлады, якое адбылося ў 1920 годзе. Летась у гэты каляндар не было ўключана і 100-годдзе БНР. Але не мінулі складальнікі каляндара дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, дзе адзначылі, “што для беларусаў гэта… гістарычная падзея, у выніку якой сучасная Беларусь упершыню атрымала дзяржаўнасць…”.

У “Родны край” не ўвайшлі беларускі гумар, фальклор, шырока не прадстаўлена паэзія, за выключэннем Пятра Глебкі, куды ўвайшлі некалькі яго вершаў. Як быццам у Беларусі больш няма паэтаў і не было. Праўда, па пару вершаў трапілі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча і Уладзіміра Жылкі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя