Кампанія velcom запусціць у 2018 годзе ўласны тэлеканал



Тэлекам-аператар velcom запусціць у 2018 годзе ўласны тэлеканал. Пра гэта 23 лютага паведаміў журналістам у Менску намеснік генеральнага дырэктара velcom па фіксаванай сувязі і інтэграцыі Антон Бладзік.

Паводле яго слоў, кантэнт тэлеканала не будзе нейкім спецыялізаваным, а будзе зроблены з разлікам на розную аўдыторыю. „Канал павінен даваць магчымасць розным катэгорыям нашых карыстальнікаў атрымліваць розны кантэнт. Таму нешта будзе забаўляльнае, нешта будзе фільмавае, магчыма, будуць нейкія цікавыя навіны, асвятленне дзейнасці нашай кампаніі, яе сэрвісаў і прадуктаў, нейкіх піяр- мерапрыемстваў”, — расказаў Бладзік.

Праца над уласным тэлеканалам актыўна вядзецца, пакуль усё знаходзіцца на стадыі распрацоўкі канцэпцыі будучага канала. „Разам з тым казаць пра канкрэтныя даты запуску пакуль складана. Мы, з аднаго боку, хацелі б рабіць свой кантэнт, таму што бачым, што нашы відэаролікі ў рамках рэкламных акцый і піяр-мерапрыемстваў набіраюць досыць вялікую колькасць праглядаў, таму мы хочам вывесці гэта на іншы ўзровень. Акрамя таго, мы хочам даць магчымасць карыстальніку стварыць нейкі ўнікальны кантэнт”, — растлумачыў Антон Бладзік.

Спачатку тэлеканал плануецца трансляваць у пакетах для карыстальнікаў velcom. „Калі мы будзем бачыць, што ён карыстаецца папулярнасцю ў карыстальнікаў, то гэта будзе нашай канкурэнтнай перавагай. Хоць не выключаю, што і іншым аператарам можна будзе набыць правы на трансляцыю гэтага канала. Але гаварыць пра гэта рана, таму што канцэпцыя канала і яго напаўненне яшчэ распрацоўваюцца”, — падсумаваў намеснік генеральнага дырэктара velcom.

Цяпер абаненцкая база фіксаванага інтэрнэту і ТБ-брэнда velcom уключае больш за 300 тысяч карыстальнікаў. У найбліжэйшыя гады кампанія плануе актыўна пашыраць базу карыстальнікаў фіксаванага інтэрнэту і развіваць інфраструктуру на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

 
belapan.by