Кампазітарку Ларысу Сімаковіч звольнілі з філармоніі



З філармоніі пасля прэм’еры звольнілі кампазітарку Ларысу Сімаковіч.

31 кастрычніка ў Ларысы Сімаковіч быў апошні працоўны дзень у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У пятніцу ёй аддалі працоўную кніжку, – піша Радыё Свабода. Па словах кампазітаркі, намеснік гендырэктара Андрэй Лапцёнак паведаміў, што з ёй не працягваюць кантракт “па ўзросце”.

Ларыса Сімаковіч за 13 гадоў працы ў філармоніі паставіла 11 спектакляў, адкрыла новыя жанры для беларускага харавога мастацтва. Яна з 1992 года — сябра беларускага Саюза кампазітараў. Паводле Ларысы, яна цяпер шукае працу, “каб не думаць пра грошы, а пра творчасць”. Ларыса Сімаковіч вядомая як кампазітар, балетмайстар, мастацкі кіраўнік фальклорнага тэатра “Госціца” і рэжысёр-пастаноўшчык, а да таго ж танцорка і спявачка. Музычная творчасць кампазітаркі ахоплівае самыя розныя жанры: творы для сімфанічнага аркестра, вакальныя, вакальна-інструментальныя кампазіцыі, напісаныя на тэксты беларускіх балад і кантаў, прыкладная музыка да кінафільмаў і драматычных спектакляў.

Майстроўня спявае на хорах заслаўскай бажніцы. 1982 год.

Ларыса Сімаковіч таксама вядомая як лідарка маладзёжнага творчага згуртавання Беларуская спеўна-драматычная майстроўня, якое існавала ў 1979—1984 гадах.

Беларускае Радыё Рацыя