Кампазітару-песенніку і паэту Міколу Яцкову – 60



Магілёўскаму паэту і кампазітару, кіраўніку Магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў  Міколу Яцкову 22 траўня спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння. З самай раніцы ўся творчая інтэлігенцыя Беларусі віншуе яго з гэтым слаўным юбілеем і жадае здароўя і творчых сіл.

Мікола Яцкоў нарадзіўся ў Магілёве. Скончыў Магілёўскае культасветвучылішча і Менскі інстытут культуры. З 1981 года працуе дырэктарам Брылёўскага сельскага Дома культуры Магілёўскага раёна.

Як паэт Мікола Яцкоў друкаваў свае творы ў розных рэспубліканскіх выданнях, выдаў зборнікі вершаў “Міколавы прыпеўкі”, “Кракаўскія сшыткі” і “Хрышчацік”. Па рэкамендацыі пісьменнікаў Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законнікава і Эдуарда Акуліна стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Сяргей Украінка і Мікола Яцкоў

Як кампазітар напісаў больш за 1000 песень на словы беларускіх паэтаў. Песні Міколы Яцкова ўвайшлі ў рэпертуар спевакоў Мікалая Скорыкава, Нэлі Багуслаўскай, Надзеі Мікуліч, Леаніда Нікольскага, Уладзіміра Ухцінскага, яны ўключаны ў канцэртныя праграмы аркестра Міхаіла Фінберга.

Мікола Яцкоў у ліпені 2003 года прадставіў тры канцэртныя праграмы на вершы паэтаў на міжнароднай сустрэчы ў Крынках “Беларускі Трыялог”. Ён з’яўляецца аўтарам гімна Магілёва.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя