Каму не падабаюцца карціны Марачкіна?



У Палацы мастацтваў у Менску адкрылася выстава «Пагоня», прысвечаная 25-годдзю мастацкай суполкі «Пагоня». Не адбылося і без інцыдэнту. 24 лістапада было загадана зняць дзве карціны Аляксея Марачкіна – “Супраціў дзвюхгаловаму мутанту» і «Маці Божую Нябеснай сотні» (праўда, апошнюю ўдалося адбараніць). Таксама з выставы знялі карціну Алеся Пушкіна «Памяці беларусаў, загінулых за Украіну».

A9ECDC3F-5319-4388-B02B-DF434BE66D62_w640_r1_s

Аляксей Марачкін: Калі наша суполка ладзіць выставы, то розныя вядомыя і невядомыя структуры заўсёды праяўляюць асаблівую пільнасць. Зараз быццам бы быў тэлефонны званок з Міністэрства культуры ў Саюз мастакоў, а адтуль ужо пайшоў загад зняць карціны. Маўляў, ім не спадабаліся працы, прысвечаныя падзеям ва Украіне. Напэўна, перастрахаваліся. У нас, наогул, і ў дзяржавы такая палавінчатая пазіцыя – быццам бы мы і за Парашэнку, і ў той жа час за Расею. Адна нага тут, а другая – там. А чыноўнікі таксама думаюць: лепш перастарацца, чым недастарацца. Хоць мы сёння жывем у час, калі адказнасць прымае кожны з нас. І калі дух у людзей саслабелы, то яны прагінаюцца. Гэта вельмі кепска.

РР: Гэта не першы выпадак, калі вашы карціны здымаюць з выстаў?

Аляксей Марачкін: Так, але ізноў кажу: усё залежыць ад людзей. Напрыклад, у Віцебску гады два-тры таму наогул забаранілі маю выставу. А разам з тым Полацкая мастацкая галерыя без праблем паказала мае працы. Тое самае было і ў Магілёве ў музеі імя Паўла Масленікава. Усё вырашаюць асобы. І сёння некаторых, відаць, раздражняе ўсялякая ўзгадка пра расейскую агрэсію ва Украіне. Аказваецца, у Беларусі гэта – забароненая тэма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org