„Камянецкі драйв” – 2016
„Камянецкі драйв” – фестываль з такой назвай праходзіць недалёка ад сценаў Белай вежы ў Камянцы.
На пляцоўцы мясцовага парку гурты з Беларусі і замежжа змагаюцца за сімвалічны прыз у 5 мільёнаў рублёў ды іншыя падарункі ад арганізатараў і спонсараў.
Распавядае каардынатарка фэсту Ірына Вярэніч:
– Фестываль у нас рэалізуецца ўжо трэці год, мы стараемся ў асноўным у Дзень моладзі праводзіць гэтыя мерапрыемствы, бо наша мэтавая аўдыторыя моладзь. У гэтым годзе значна пашыралася геаграфія нашага свята, калі ў мінулым годзе было выключна рэгіянальнае, то ў гэтым годзе мы спрабуем выйсці на нейкі міжнародны ўзровень. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.
Фестываль працягнецца два дні, цягам якіх кожны з конкурсных гуртоў выканае па некалькі песень. Завяршаюць праграму кожнага з дзён хэдлайнеры: у першы дзень – „Дай дарогу”, у другі – „Дразды”.
Кошт квітка на мерапрыемства 60 тысяч беларускіх рублёў. Музычная частка суправаджаецца продажам сувенірам і выставай рэтра-матацыклаў.
Беларускае Радыё Рацыя