Канал „Культура” Беларускага радыё аб’явіў конкурс сучаснай п’есы
Конкурс сучаснай п’есы „Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі” аб’явіў канал „Культура” Беларускага радыё пры ўдзеле Цэнтра беларускай драматургіі дзяржаўнай установы „Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь „Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі”.
Конкурс на лепшую п’есу для прафесійных драматургаў і пісьменнікаў-пачаткоўцаў аб’яўлены ў рамках праекта „Радыётэатр канала „Культура”. Заяўкі прымаюцца да 15 ліпеня.
Аўтарам ва ўзросце ад 16 гадоў у заяўленых для конкурсу работах прапануецца разгледзець наступныя тэмы: „Моладзь і вечныя каштоўнасці: сучасны погляд”, „Моладзь і сямейныя каштоўнасці”, „Дыялог культур у сучасным свеце”. Творы могуць быць напісаны на рускай і беларускай мовах.
„Упэўнены, што ў Беларусі нямала таленавітых сучасных аўтараў, і мэта нашага конкурсу – адкрыць новыя імёны ў айчыннай драматургіі. Аднак удзельнікам неабходна ўлічваць спецыфіку радыёвяшчання, таму апісанні і дзеянні п’есы павінны быць зразумелымі для ўспрымання на слых”, – адзначае намеснік дырэктара канала „Культура” Уладзімір Трапянок.
Сваю заяўку і творчую работу ўдзельнікі конкурсу „Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі” могуць накіраваць па адрасе: 220029, г. Менск, вул. Чырвоная, 4 і па электроннай пошце [email protected] з паметкай „Конкурс сучаснай радыёп’есы”. Вынікі конкурсу будуць падведзены да 30 ліпеня.
Лепшую работу выбера прафесійнае журы, у склад якога ўвойдуць спецыялісты ў сферы драматургіі, тэатра і радыёвяшчання, у тым ліку прадстаўнікі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Твор-пераможца прагучыць у эфіры канала „Культура” Беларускага радыё. Ролі ў радыёспектаклі, пастаўленым паводле п’есы, выканаюць прафесійныя акцёры мінскіх тэатраў.
З палажэннем аб конкурсе і яго правіламі можна азнаёміцца на сайце канала „Культура”.