125-ыя ўгодкі Кандрата Крапівы



Народнаму пісьменніку Беларусі Кандрату Крапіву 5 сакавіка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння.

Кандрат Крапіва нарадзіўся ў 1896 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна ў сялянскай сям’і. Пра жыццёвы і творчы шлях пісьменнік падрабязна расказаў у аўтабіяграфіі „Ад маленства да сталасці”. Вось, што ён піша пра сваё імя:

„Каб застрахаваць ад такога ж лёсу, які напаткаў маіх сямёра братоў і сясцёр, бабулькі параілі мне даць імя майго бацькі. Так і стаў я на ўсё жыццё Кандратам Кандратавічам. Як бы ўзрадаваліся бабулькі на тым свеце, калі б даведаліся, што я пражыў на свеце больш за шэсцьдзесят гадоў!”.

Кандрат Крапіва з дзяцінства пасвіў свойскую жывёлу, дапамагаў бацьку ў полі, на падворку, у пуні, пазней касіў, араў, сеяў збажыну, малаціў яе. Калі хлопчыку споўнілася сем гадоў, яго аддалі ў царкоўнапрыходскую школу ў вёсцы Нізок, дзе ён авалодаў элементарнай пісьменнасцю.

Бацька заводзіць новую сям’ю і вырашае, што на зямлі застануцца дзеці ад другога яго шлюбу, а старэйшага, Кандрата, трэба пускаць на свой хлеб. Атраховіч-старэйшы вырашыў, што яго першы сын зможа жыць з навукі, а для гэтага яму трэба даць адукацыю. Пасля перапынку тэрмінам амаль год падлетка аддаюць у апошні клас народнага вучылішча ў мястэчку Узда, а затым хлопчык паступае ў Стаўбцоўскае народнае вучылішча. Ад свайго земляка, які вучыўся ў Койданаўскім вучылішчы,  падлетак даведаўся, што ў гэтай навучальнай установе ёсць бібліятэка. Гэтага аказалася дастатковым, каб Крапіва перавёўся ў Койданава (цяпер Дзяржынск).

Менавіта ў Койданаўскім вучылішчы ён пачынае займацца вершаскладаннем. Вялікую ролю ў лёсе юнака адыграў настаўнік літаратуры Іван Міхайлавіч Тоўсцік. Ён заўважыў у сваім выхаванцу творчыя здольнасці і заахвочваў да напісання вершаў. Койданаўскае вучылішча ніякай спецыяльнасці не давала. Далей сядзець на бацькавай шыі не выпадала, і юнак вырашае здаць экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Пазычыўшы ў аднавяскоўца тры рублі, Кандрат Крапіва (сапраўднае прозвішча Атраховіч) падаўся ў Менск, паспяхова здаў экзамены і атрымаў такі жаданы і патрэбны дакумент, які даваў права працаваць у школе.

У 1915 годзе Атраховіч-Крапіва быў прызваны ў войска. Як чалавек, які меў адукацыю, адразу быў накіраваны ў школу прапаршчыкаў. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. Малады афіцэр трапіў у самае пекла вайны. На шчасце, ён уцалеў у гэтай крывавай бойні.  І, як настаўнік, у лютым 1918 года быў дэмабілізаваны, жыў у бацькоўскім доме і дапамагаў весці гаспадарку. Потым настаўнічаў у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. У 1920-1923 гадах – зноў служыў камандзірам у Чырвонай Арміі. Менавіта тут Кандрат Крапіва пачаў пасылаць у друк свае карэспандэнцыі.  А ў 1922 годзе ў газеце „Красноармейская правда” быў надрукаваны яго фельетон „Жылі-былі”; а ў газеце „Савецкая Беларусь” – верш „Сваты”.

Паслаўшы свой твор на роднай мове ў „Савецкую Беларусь”, у якім ён высмеяў тагачасныя парадкі, гэтай публікацыяй і засведчыў, што ў беларускай літаратуры з’явіўся новы арыгінальны талент.

Наступныя яго творы, якія друкаваліся на старонках найбольш папулярных перыядычных выданняў, зрабілі пісьменніка ўсенародна вядомым і любімым. Прыхільнікі таленту Кандрата Крапівы занепакоіліся, калі яго творы раптам зніклі са старонак друку. Пісьменнік, упэўніўшыся, што за ганарары сям’ю не пракорміш, вырашыў прадоўжыць бацькаву справу, вярнуўся ў родную вёску, заняўся будаўніцтвам хаты. Намерам пісьменніка не суджана было збыцца. Сябры-пісьменнікі таксама пачалі настойліва клікаць Кандрата Крапіву ў Менск і абяцалі працаўладкаванне. Вясной 1925 года ён пераязджае ў Менск і актыўна ўключаецца ў жыццё літаратурнага аб’яданання „Маладняк”, а потым „Узвышша”. Піша апавяданні, сатырычныя вершы, паэмы, байкі. Невыпадкова ў 1925 годзе з’яўляюцца ажно тры яго зборнікі: „Апавяданні”, „Асцё”, „Крапіва”.

Хоць пісьменнік шмат займаўся самаадукацыяй, але востра адчуваў недахоп ведаў, іх сістэмы. У 30-гадовым узросце ён паступае на педагагічны факультэт БДУ. Тут пачалася яго навуковая дзейнасць.

Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925-1926), загадчыкам аддзела ў часопісе „Полымя рэвалюцыі” (1932-1936).

У 1939 годзе Кандрата Крапіву, ужо знакамітага пісьменніка, зноў прызвалі ў армію, а Другая сусветная вайна стала для Крапівы фактычна пятай па ліку. Але на гэты раз ён ужо ваяваў пісьменніцкай зброяй. На пачатку Другой сусветнай вайны працаваў у франтавой газеце „За Савецкую Беларусь”, у 1943-1945 гадах рэдагаваў сатырычную газету-плакат „Раздавім фашысцкую гадзіну”.

У пасляваенныя гады Кандрат Крапіва працягваў журналісцкую працу. З заснаваннем у 1945 годзе сатырычна-гумарыстычнага часопіса „Вожык” быў да 1947 года яго галоўным рэдактарам.

З 1947 года і, амаль да канца жыцця, Кандрат Крапіва працаваў у Акадэміі навук Беларусі. Спачатку загадваў сектарам мовазнаўства ў Інстытуце мовы і літаратуры АН БССР (1947-1952), а са стварэннем асобнага Інстытута мовазнаўства АН БССР і да 1956 года быў яго дырэктарам.

У 1946 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1956 – па студзень 1982 гады быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР. Са студзеня 1982 года па сакавік 1989 года – вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Доктар філалагічных навук, акадэмік АН БССР. Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947-1990), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Сябра СП СССР з 1934 года.

Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я. Коласам і П. Глебкам) „Русско-белорусского словаря” (1953), навуковы рэдактар „Беларуска-рускага слоўніка”, „Русско-белорусского словаря”, „Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” ў 5 тамах (1977-1984) і іншых.

Кандрату Крапіве тройчы прысуджаліся Дзяржаўныя прэміі СССР: у 1941 годзе – за п’есу „Хто смяецца апошнім”, у 1951 годзе – за п’есу „Пяюць жаваранкі”, у 1971 годзе – за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п’есу „Брама неўміручасці”. Народны пісьменнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).

Памёр Кандрат Крапіва 7 студзеня 1991 года, крыху не дажыўшы да свайго дзевяностапяцігоддзя. Пахаваны ён на Менскіх Усходніх могілках.

Кандрат Крапіва (шосты справа) з пісьменнікамі

Кандрат Крапіва і Ніл Гілевіч

Якуб Колас, Пятрусь Броўка і Кандрат Крапіва

Беларускае Радыё Рацыя