Канферэнцыя, прысвечаная Міхасю Забэйду-Суміцкаму
У Маладэчанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася навукова-краязнаўчая канферэнцыя “Міхась Забэйда-Суміцкі і беларуская песня”, прысвечаная вялікаму беларускаму спеваку і тэнару Міхасю Забэйду-Суміцкаму (1900-1981). Канферэнцыю падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі і вядомы літаратуразнавец і культуролаг Міхась Казлоўскі.
Падобныя канферэнцыі ў Маладэчне ўжо ладзяцца не першы год. Да канферэнцый выпускаюцца прыгожыя праграмкі і запрашальныя білеты, а таксама даклады выдаюцца асобнай брашурай.
Канферэнцыю распачаў Міхась Казлоўскі, які адзначыў, што Міхась Забэйда-Суміцкі ў 1914-1918 гадах вучыўся ў Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі. Таму праводзіць падобную канферэнцыю ёсць нагода. Выступоўца пазнаёміў прысутных з рэдкімі фотаздымкамі спевака з прыватнага архіва і з архіва пісьменніка Сяргея Панізьніка, які асабіста ведаў Міхася Забэйду-Суміцкага.
У канферэнцыі прынялі ўдзел вядомыя літаратары, навукоўцы і літаратуразнаўцы: Вячаслаў Чамярыцкі, Андрэй Унучка, Уладзімір Мароз, Сяргей Чыгрын, Алесь Горбач, паэт Віктар Шніп. А таксама маладэчанскія краязнаўцы Валеры Бурэнь, Тамара Бярэзіна і Алена Гаськова. Удзельнікі канферэнцыя з цікавасцю і грунтоўна пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам слыннага беларускага спевака, з дакументамі і ліставаннем яго, з жыццём у Варшаве і Празе, з вобразам спевака ў даследаваннях Янкі Шутовіча, з творчай песеннай спадчынай Міхася Забэйды-Суміцкага.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Маладэчна
Фота аўтара