Кантрабандысцкія гісторыі ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гародні
Як выглядала жыццё кантрабандыстаў напачатку 90-х? Прыгадвалі тыя часы сябры беларускага кніжнага клуба на літсустрэчы, якая прайшла ў Цэнтры гарадскога жыцця.
За літаратурны прыклад была ўзята кніга Віктара Сазонава „Занатоўкі кантрабандыста”. Гэтая сатыра аўтара, якая ўжо стала гісторыяй ды выклікала шмат успамінаў і эмоцый у сяброў клуба аматараў беларускай кнігі:
– Я кантрабандай не займалася, не ведаю пашанцавала ці не. Мая сям’я не займалася, у бацькоў была праца. Мы вучыліся ў школе, а потым у ВНУ. Для нас кантрабанда была за межамі майго разумення, цягнікі туды-сюды, прывязаныя да цела каўбасы. Я гэтага не дасведчыла, але цяпер я разумею, што час быў страшны.
На сустрэчу аматараў кнігі прыйшоў і сам аўтар Віктар Сазонаў, на свой дзень народзінаў. Ён распавёў перад абгавораннем кнігі „Занатоўкі кантрабандыста” сваю ўласную гісторыю, якая паўплывала на зьяўленне друкаванага выдання:
– Прыйшоў такі час, калі я ўжо працаваў у журналістыцы, рэдактар газеты беларусаў у Польшчы „Ніва” Яўген Вапа сказаў мне: „Ты так добра расказваеш розныя гісторыі, паспрабуй напісаць”. Я пачаў, па-сутнасці гэта былі першыя расказы шырока надрукаваныя – гэта былі занатоўкі кантрабандыста. Нам здавалася, што мы напішам некалькі апавяданняў і хопіць, але людзі сталі пісаць, што вельмі цікава, я пісаў далей.
Ад аўтара „Занатовак Кантрабандыста” беларускі кніжны клуб атрымаў чатыры яго кніжкі, якія выйшлі ў розныя гады.
Фактычна гэта першыя кнігі, якія могуць запачаткаваць новую бібліятэчку для бібліяфільнай ініцыятывы, якая ўжо некалькі гадоў існуе, як беларускі кніжны клуб.
Беларускае Радыё Рацыя