Канцэрт Алеся Дзянісава ў гарадзенскай “Карыцы”



Першай аўтарскай сустрэчай, што адбылася пасля змены ўладальніка ў гарадзенскім бары “Карыца”, стала сустрэча з вядомым выканаўцам Алесем Дзянісавым. Музыка выканаў амаль два дзясяткі твораў, сярод якіх былі песні “Турма” на словы Алеся Чобата, “Радыеактыўны снег”, што калісьці выконваў гурт “Кальян”, а таксама шэраг новых песень на словы Караткевіча, што гучалі ўпершыню.

Пра канцэрт распавядае Томаш Анікеіч – арганізатар сустрэчы:

Папросту хацеў сабраць усіх сваіх блізкіх і знаёмых і правесці прыемна вечар. У будучыні я хачу, каб людзі не проста прыходзілі, а гэта было цікава, каб яны пра штосьці даведваліся. Плюс у нас шмат цікавых людзей, напрыклад, Алесь Дзянісаў. І я хацеў бы, каб людзі знаёміліся з творчасцю такіх людзей.

Па словах Алеся Дзянісава, падобныя сустрэчы павінны аб’яднаць гарадзенцаў розных поглядаў і перакананняў:

– Усім беларусам не хапае нейкага яднання. Настолькі ўсе навокал падзеленыя палітычна, культурна, рэлігійна. Гэта не значыць, што ў нас тут вайна ідзе, але і яднання няма: людзі збіраюцца сваімі маленькімі тусовачкамі. А калі яны будуць збірацца разам, то гэта будзе іх яднаць і яны будуць знаходзіць больш агульнага. 

Томаш Анікеіч спадзяецца на тое, што будучых гасцей пабу зацікавяць сустрэчы са знакамітымі гарадзенцамі. Напрыклад,  у бліжэйшыя дні пра свой музей распавядзе збіральнік даўніны Януш Паруліс, а 16 лютага выступіць музыка Алег Сухараў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня