Канцэрт Алеся Камоцкага ў Гародні
У Гародні адбыўся канцэрт вядомага беларускага барда Алеся Камоцкага. Месцам правядзення выступу стала вялікая харальная сінагога, дзе цягам года Алесь Камоцкі арганізоўвае канцэрт другі раз. Падчас мерапрыемства паэт і музыка выканаў як уласныя песні, так і творы на вершы Рыгора Барадуліна і Ларысы Геніюш.
Як зазначае старшыня гарадзенскай іўдзейскай рэлігійнай суполкі Барыс Квяткоўскі, выступ у сінагозе зарганізаваны невыпадкова:
– Беларуская культура нам знаёмая з дзяцінства, а Алесь Камоцкі чалавек вельмі трапяткі, вельмі лірычны. Ягоныя творы, асабліва на вершы Рыгора Барадуліна, вельмі прыгожыя. Таксама ён не цураецца нашай мовы ідыш.
Мікола Таранда, жыхар Гародні:
– Алеся я ведаю даўно, магчыма з першых “Басовішчаў”. Я быў і на ягоным першым канцэрце ў сінагозе. Прыемна, што яму дазваляюць тут спяваць.
Алесь Камоцкі:
– Вельмі прыемна, што мяне запрасілі сюды. Тут адмысловая акустыка. І калі мяне яшчэ раз паклічуць, абавязкова прыеду, каб заспяваць.
Усе ахвяраванні, сабраныя на дабрачынным канцэрце Алеся Камоцкага ў вялікай харальнай сінагозе, будуць накіраваныя на рэстаўрацыю аднаго з найпрыгажэйшых будынкаў горада над Нёманам – габрэйскай святыні, архітэктарам якой быў знакаміты Санці Гуччы.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня