Канцэрт Дзянісава і Памідорава ўсё ж адбыўся
Больш за паўсотні гарадзенцаў прыйшло паслухаць выступ рок-музыкаў Алеся Дзянісава і Аляксандра Памідорава на канцэрт, які папярэдне мусіў адбыцца ў гарадзенскай сінагозе. Пасля тэлефанавання гарадзенскіх ідэёлагаў выступаць у сінагозе было забаронена і правядзенне канцэрта было пад пытаннем.
Увечары 12 красавіка было знойдзена іншае месца – дворык арт-галерэі „Крыга”. Дзянісаў праспяваў творы на словы Алеся Чобата, большасць з якіх была выканана для гарадзенскай публікі ўпершыню, а з вуснаў Аляксандра Памідорава гучалі песні па-беларуску і на ідыш.
Пра канцэрт распавядае Алесь Дзянісаў:
– Успрынялі, мне здаецца, добра, вельмі такі добры тут настрой, пазітыўны, адкрыты, шчаслівыя людзі, шчаслівыя твары. Да апошняга, я шчыра кажу, што я баяўся, што налятуць сюды і ўсё гэта забароняць. Давялося б ісці ўнутр галерэі, дзе зразумела было б цяжкавата, бо проста не хапіла б месца – маленькае памяшканне. Дзякуй Богу, што ідэолагам не прыйшла ў галаву думка, каб прыехаць і ўсіх загрэбці.
Музыкі выканалі амаль паўсотні розных песень, а песню „Чорны хлеб і гарбата”, перакладзеную некалькі год таму Аляксандрам Памідоравым з польскай мовы, музыкі выконвалі разам са слухачамі.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня