Канцэрт гурта „Варта Часу” ў Гародні
Вечаровы канцэрт гарадзенскага этна-рок гурта «Варта Часу» прайшоў на адкрытай пляцоўцы панадворка этна-крамы «Цудоўня». Гэты гурт мае цікавы беларускі рэпертуар, у якім ёсць месца тэмам беларускай гісторыі, лірыцы, легендам.
У складзе гурта «Варта Часу» Арцём Рапецкі – перкусіяніст, Валерый Краеўскі, Моніка Якімовіч – вакалісты, Антон Злобіч – гітарыст, Іван Бычкоў – бубнач, Цімафей Барадулін – скрыпач і гітарыст.
Тройчы гарадзенцы, якія прыйшлі на канцэрт маладога гурта, выклікалі выканаўцаў на біс. На заканчэнні канцэрта музыкі выказаліся пра свой эмацыйны стан:
– Насамрэч выступаем мы не так часта, і мы заўсёды рады кожнай нагодзе выступіць. У нас зараз у рэпертуары ёсць толькі сем песняў.
– Калі ты бачыш пасля нават першай песні, што людзі з задавальненнем слухаюць і мы прымаем апладысменты, пасля атрымоўваеш матывацыю для таго, каб працаваць далей. І атрымоўваеш асалоду.
– Вельмі былі задаволеныя, калі арганізатары запрасілі нас сыграць. Як заўсёды, калі ўсё атрымліваецца, – гэта поспех. Вельмі спадзяемся, што гэта не апошні наш выступ.
Пасля канцэрту «Варты Часу» ў панадворку этна-крамы «Цудоўня» адбыўся кінапрагляд камедыйнай меладрамы «Збеглая нявеста». Фільм у беларускай агучцы. Арганізатар прагляду і канцэрту – гаспадар этна-крамы Андрэй Несцяровіч, які цэлае лета арганізоўвае ўсім ахвотным шточацвер бясплатны прагляд фільмаў па-беларуску пад сінім небам, а таксама запрашае гарадзенскіх музыкаў выступіць з малымі канцэртамі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя