Канцэрт памяці Аляксандра Кулінковіча
25 кастрычніка ў амфітэатры Prime Hall (Менск, пр. Пераможцаў, 65) адбудзецца вялікі канцэрт, прысвечаны памяці Аляксандра Кулінковіча — музыканта, паэта, лідара гурта «NeuroDubel», што памёр 4 жніўня.
Праз год групе споўнілася б 30 гадоў; наступным летам Кулінковіч планаваў адзначыць юбілей канцэртам у PrimeHall, дзе «NeuroDubel» ні разу не выступаў сольна. Цяпер музыкі адыграюць вялікую праграму без свайго лідара. З групай праспяваюць сябры і калегі Кулінковіча: Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Юрый Стыльскі, Ігар Варашкевіч, Уладзімір Пугач, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Аляксандр Саладуха, Алесь Мышкевіч, Алесь Лютыч, Зоя Схончык, Ангус Тарнада, Lesli Knife, Дзяніс Тарасенка, «Веласіпедыстаў».
Грошы, атрыманыя ад канцэрту, пойдуць на ўсталяванне помніка Аляксандру Кулінковічу, выданне зборніка яго публіцыстыкі, а таксама альбома з фотаздымкамі групы.
25 кастрычніка, 19.00. Квіткі ў касах і на сайце Kvitki.by, у касе і на сайце Prime Hall.