Канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава прайшоў у Менску
Музыкі розных пакаленняў заспявалі песні на вершы беларускага паэта Міхала Анемпадыстава, які заўчасна сыйшоў жыцця ў студзені гэтага года. Адначасова ў фае клуба „Брюгге” была зладжаная міні-выстава плакатаў.
Кажа старшыня Саюза дызайнераў Зміцер Сурскі:
— Ён быў вельмі розны, але ж ён быў па-першае шчыры і ён заўсёды казаў праўду. На Міхала можна было проста абаперціся.
Для многіх Міхал Анемпадыстаў застаўся сімвалам беларускай рок-паэзіі 90-х. Песні на ягоныя словы спяваюць Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Кася Камоцкая ды іншыя беларускія музыкі.
Распавядае лідар гурта „Крама” Ігар Варашкевіч:
— Песня, якую я не спяваў ужо 30 гадоў загучала па-іншаму, для мяне па-іншаму. Я там таксама адчуў самога Міхала, таго, якім ён быў 30 гадоў таму. Зусім малады. Засталося шмат, але магло застацца яшчэ больш. Ён мог зрабіць больш, безумоўна.
Сабраныя грошы ад продажу квіткоў з канцэрта арганізатары заплануюць ахвяраваць на помнік Міхалу Анемпадыставу. Таксама стартавала кампанія па перавыданні яго кнігі „Колер Беларусі”, якая сталася яго апошняй вялікай працай.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск