Канцэрт польскай духоўнай музыкі эпохі барока



16 сакавіка 2019 г. у Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца канцэрт “ПОЛЬСКАЯ ДУХОЎНАЯ МУЗЫКА эпохі БАРОКА”. У канцэрце прымаюць удзел: ансамбль „Камерныя салісты Мінска”, мастацкі кіраўнік і дырыжор – Дзмітрый ЗУБАЎ, камерны хор “ SALUTARIS, мастацкі кіраўнікВольга Янум, а таксама салісты – Таццяна ГАЎРЫЛАВА (сапрана), Ірына КУЧЫНСКАЯ (сапрана), Дзяніс ЖЫГУНОЎ (бас), Віталь АМБРАЖЭВІЧ (бас).

У праграме канцэрта прагучаць творы найбуйнейшых майстроў польскай духоўнай музыкі XVII-XVIII стагоддзяў: Барталамея Пенкеля, Адамa Яжэмбскага, Марціна Мяльчэўскага, Станіслава Шажынскага, Гжэгажа Гарчыцкага. Гэтыя імёны мала вядомыя сучаснаму слухачу, а між тым, у свой час яны былі гонарам Польшчы. Іх музыку – пышную, маляўнічую і абсалютна супастаўную з лепшымі ўзорамі еўрапейскага барока – ведалі і высока цанілі па ўсей Еўропе.

Адным з найбольш  важных кампазітараў ранняга барока быў Барталамей Пенкель, які ў 1633-37 гг. займаў пасаду арганіста Каралеўскай капэлы ў Варшаве, а з 1658 г. і да смерці ў 1670 г. узначальваў капэлу ў Вавельскім саборы ў Кракаве. Імша і матэт – асноўныя жанры ў творчасці гэтага кампазітара.

Марцін Мяльчэўскі праславіўся як аўтар інструментальнай і духоўнай музыкі. Як і Пенкель ён быў адным з самых аўтарытэтных кампазітараў свайго часу, служачы спачатку ў каралеўскай капліцы Караля Уладыслава IV Вазы у Варшаве, а затым у якасці капельмайстра біскупа Карла Фердынанда Вазы у Вроцлаве.

Мы вельмі мала ведаем пра жыццё Станіслава Шажыньскага, невядомымі застаюцца нават гады яго жыцця. Творы Шажыньскага, якія захаваліся да нашага часу, датаваныя перыядам 1692 -1713 гг. У гэты час ён працаваў у капэле горада Ловіч, дзе і знайшліся рукапісы яго сачыненняў, у тым ліку адзіная копія санаты для 2-х скрыпак і Basso continuo, аднаго з самых вядомых інструментальных твораў польскага барока.

Яшчэ адзін буйны майстар польскага барока – Гжэгаж Гарчыцкі, яшчэ пры жыцці быў празваны „польскім Гендэлем”. Сярод захаваных твораў Гарчыцкага асабліва выбітнымі лічацца “Conductus funebris” – жалобныя спевы на смерць караля Аўгуста ІІ (1734), дзве часткі з якіх увайшлі ў праграму канцэрта.

Паводле прэс-рэлізу