Канцэрт Сяргея Башлыкевіча ў Гародні
Спявак, аўтар песень, лідар гурта Leibonik Сяргей Башлыкевіч выканаў на моўных курсах “Мова нанова Гародня” паўтара дзясятка песень рознай накіраванасці. Гучалі як сур’ёзныя песні пра паўстанне Налівакі, так і вясёлые пра космас да іншапланетніка.
Слухачы былі ўсцешаныя прыездам музыкі і падзяліліся сваімі ўражаннямі з выступу.
– Выступы Башлыкевіча заўсёды з нецярпеннем чакаюцца, бо ён весела штосьці раскажа. І песні мае завадныя, такія, што падумаць трэба.
– Башлыкевіч – гэта заўжды весела, эмацыйна, пранікліва і кранальна. Заўжды прыемна. Заўжды рады бачыць. І гэта файна.
– Ён спявае на беларускай мове. Заўсёды падабаецца. Яго голас, яго падача – усё вельмі класна.
На думку самога музыкі, гарадзенская публіка вельмі шчыра прымае.
– У Гародні заўсёды цёпла прымаюць. Гэта ўжо насамрэч звыклая з’ява. Вельмі люблю гэты горад, заўсёды добрая кампанія. Спадзяюся, што прыедзем у бліжэйшым часе з паўнавартасным канцэртам, бо зараз такі пробнічак атрымаўся, скажам так, а хочацца прыехаць з гуртам, з дзяўчынай Ганнай, паказаць як можна больш песень.
Музыку яшчэ доўга не хацелі адпускаць, і ён выканаў адну песню “на біс”. Сяргей Башлыкевіч паабяцаў завітаць у Гародню цягам бліжэйшага года.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня