Канцэрт Віктара Каліны ў Берасці не адменены



Выступ шансанье Віктара Каліны ў горадзе над Бугам мае адбыцца ўжо праз суткі. Гэта вядома з афішаў, якія размешчаны ў тым ліку і на афіцыйным сайце мясцовага гарвыканкаму.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ж працягваюць збіраць подпісы пад петыцыяй за адмену канцэрта Каліны. Кажа адна з падпісантак, аўтарка зваротаў да ўладаў з гэтай нагоды, журналістка Мілана Харытонава:

– Я не ведала пра ягоную дзейнасць. Проста праглядала афішу, што будзе канцэрт. І пачала, як заўсёды, вывучаць. Паглядзела на Ютубе, пачытала і проста была ў жаху, што ён прыязджае і сваю нізкаякасную і нізкаэстэтычную творчасць прасоўвае. Прачытала, што ў Віцебску ўдалося адмяніць ягоны канцэрт. І я напісала зварот у гарвыканкам і заклікала маіх сяброў у фэйсбуку звяртацца ў гарвыканкам, аблвыканкам ці Міністэрства культуры, каб адмянілі канцэрт.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці скардзяцца на малую колькасць падпісантаў петыцыі, а гэта каля 1000 чалавек, за адмену канцэрта. Да таго ж электронныя петыцыі ўлады могуць і не разглядаць, і таму асноўны спадзеў у іх на звароты грамадзян ў выканкамы і Міністэрства культуры. Каментуе начальнік ідэалагічнага аддзелу і па справах моладзі Берасцейскага гарвыканкаму Генадзь Іванчын:

Так, такія звароты былі. Але ж канцэрт у нас заўтра. І, ведаеце, спадар Каліна не парушаў нашае заканадаўства. Мы зыходзім з таго, што гэта галоўнае. Мы не можам вось так абвінаваціць чалавека, калі ён не зрабіў нічога дрэннага згодна нашага заканадаўства. Тое, што ён дзесьці рабіў нейкія заявы – гэта ягоная справа. У нас няма доказаў парушэнняў і мы не можам пайсці на нейкую дыскрымінацыю адносна гэтага чалавека.

Вядома, што Віктар Каліна выступаў на занятых сепаратыстамі тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, а ў прамовах і зваротах прасіў “абараніць яго ад бандэраўцаў”. “Гэта адна з шэрагу прычынаў, па якіх варта адмяняць гэты канцэрт”, – лічаць падпісанты петыцыі.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце