Канцэрты Віктара Шалкевіча ў Гародні перанесены



Канцэрты Віктара Шалкевіча ў Гародні, якія планавалася правесці 19 і 20-га сакавіка, пераносяцца, магчыма, на месяц пазней.

Пра гэта паведаміў арганізатар канцэртаў у Гародні Сяргей Верамеенка. Квіткі, якія былі набытая загадзя, застаюцца актуальныя, альбо іх кошт будзе вернуты.

Кажа Сяргей Верамеенка:

– Калі канцэрт адбудзецца, пра гэта будзе дадаткова паведамлена. Хто жадае, можа забраць свае грошы за квіткі. Квіткі, набытыя ў нас, будуць дзейсныя, і можна будзе іх выкарыстаць пазней, калі адбудзецца канцэрт. Акрамя таго, запрашаю тых, хто хоча скарыстацца надыходзячай інфляцыяй, можна падыйсці і купіць квіток зараз, якія на дадзены момант каштуе 10 рублёў у краме “Адметнасць”.

Бард і акцёр Віктар Шалкевіч не пакіне без святочнага настрою да Дня Волі аматараў уласнай творчасці. Зараз ідуць перамовы пра час правядзення анлайн канцэрта. І гэта па-за рамкамі жывога канцэрта, які адбудзецца пазней.

Кажа Сяргей Верамеенка:

– Акрамя таго Віктар Шалкевіч плануе правесці анлайн канцэрт, які будзе транслявацца ў інтэрнэце. Гэта будзе канцэрт без гледачоў. Проста чыста анлайн трансляцыя. Калі гэта будзе і аб якой гадзіне – таксама будзе дадатковая інфармацыя.

У краме “Адметнасць” аматары творчасці Віктара Шалкевіча могуць набыць дыскі – складанкі з песнямі вядомага музыкі, акцёра, барда.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя