«Капялюш» – пераможца конкурсу лялечных тэатраў



Народны тэатр лялек «Капялюш» ЦРіТК заваяваў дыплом лаўрэата І ступені на IV абласным свяце-конкурсе аматарскіх лялечных тэатраў «Лялечны свет» у намінацыі «Традыцыйны беларускі лялечны тэатр «Батлейка». Дарэчы, у чацверты раз!

Конкурс праводзіцца раз у два гады. Селета за званне лепшага змагаліся 18 калектываў.

«Капялюш» прадставіў прэм’еру спектакля «Свет у базарны дзень (Адзін дзень з жыцця Полацкага базару)». Кіраўнік тэатра Андрэй Рэцікаў і ўдзельнікі калектыву Стась Сілка і Наталля Шыпіла спецыяльна для фестывалю стварылі новую пастаноўку на аснове інтэрмедый традыцыйнай беларускай батлейкі, паведамляе «Новополоцк сегодня».

«Мы пісалі сцэнарый, шылі лялькам касцюмы, стараліся кожнай ляльцы даць свой характар і сваё жыццё, і нешта ў нас атрымалася! Спадзяюся, што бліжэйшым часам мы зробім прэзентацыю нашага спектакля і пакажам як можа выглядаць Полацак у базарны дзень», – падзяліўся ўражаннямі Стась Сілка.

ximik.info