Каралеўская бібліятэка Даніі перадала Беларусі лічбавую копію першага „Буквара”



Лічбавая копія першага беларускага „Буквара”, якому ў гэтым годзе спаўняецца 400 гадоў, перададзена Каралеўскай бібліятэкай Даніі Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Пра  гэта паведаміў старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша. Вынікам працяглых, але паспяховых перагавораў Аляксандра Сушы стала якасная лічбавая копія першага „Буквара”, якая перададзена з Даніі ў Беларусь. Яна будзе прадстаўлена ў адкрытым доступе на інтэрнэт-сайце Каралеўскай бібліятэкі Даніі, а ў бліжэйшы час з’явіцца і на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Першая ў свеце кніга з назвай „Буквар” была падрыхтавана беларусамі і выдадзена 400 гадоў таму – у 1618 годзе. Яна захавалася ў свеце ў двух экзэмплярах і была амаль не вядома на радзіме. Адзін з іх знаходзіцца ў Вялікабрытаніі, у закрытай для шырокай публікі прыватнай бібліятэцы Мідл Тэмпл. Другі экзэмпляр заставаўся да нядаўняга часу малавядомым. Ён захоўваецца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі.

„Для мяне асабіста вялікім адкрыццём стала, што экзэмпляр, які знаходзіцца ў Даніі, так добра захаваўся да гэтага часу. Яшчэ ў 2015 годзе я меў магчымасць папрацаваць з экзэмплярам „Буквара” ў Лондане. Але, як аказалася, стан захаванасці кнігі з Каралеўскай бібліятэкі Даніі намнога лепшы, у ім добра чытаюцца ўсе гравюры, менш пашкоджана і забруджана папера. Цяпер у нас з’явілася выдатная магчымасць паўнацэнна вывучыць гэты надзвычай каштоўны помнік нашай культуры. У бягучым годзе ўбачыць свет яго факсімільнае выданне”, – сказаў Аляксандр Суша.

Такім чынам, беларусы ўжо сёння маюць магчымасць даведацца, як выглядала кніга, якая пачала новую для свету традыцыю. Прыклад першага „Буквара” сведчыць, які велізарны ўплыў аказала беларуска-літоўская кніжная традыцыя на ўвесь рэгіён: з яго пачынаецца шлях у свет ведаў дзяцей не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах.

belta.by