Карціны з калекцыі Мацея Мікалая Радзівіла пакажуць у Менску
Карціны з калекцыі Мацея Мікалая Радзівіла будуць экспанавацца ў Менску, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Выстава „Радзівілы: лёсы краіны і роду”, якая ўключае жывапісныя і графічныя партрэты, мініяцюры, медалі, мастацкія тканіны з калекцыі Мацея Мікалая Радзівіла, пачне працаваць у музеі з 15 лютага.
У праекце прадстаўлена галерэя вобразаў вядомых дзеячаў: Барбара Радзівіл – каралева Польшчы, яе бацька – Юры Радзівіл меў ганаровую мянушку Геркулес Літоўскі, Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка – заснавальнік Нясвіжскай рэзідэнцыі, яго брат Юры – кардынал, кракаўскі біскуп, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька – заснавальнік мануфактуры слуцкіх паясоў, Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку – яркі прыклад свабоды і незалежнасці шляхты ВКЛ і іншыя.
Безумоўнай каштоўнасцю калекцыі з’яўляецца тое, што некаторыя партрэтныя выявы, магчыма, захаваліся ў адзіным экзэмпляры. Можна ўбачыць і партрэты пэндзля вядомых еўрапейскіх майстроў: італьянца Марчэла Баччарэлі, які працаваў пры двары Станіслава Аўгуста Панятоўскага, аўстрыйца Францішка Ксаверыя Лампі, гравюры фламандскага майстра Дамініка Кусто.
У экспазіцыю выставы арганічна ўпісаліся жывапісныя партрэты князёў Радзівілаў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, якія да 1939 года знаходзіліся ў Нясвіжскім замку. Выстава „Радзівілы: лёсы краіны і роду” азначае важнасць звароту да гістарычнай памяці беларускага народа. Цяжка назваць іншы род, які сыграў такую значную ролю ў гісторыі краіны, немагчыма пераацаніць актыўную дзейнасць яго нашчадкаў, якія працягваюць традыцыі дабрачыннасці і міратворчасці.
Фота ont.by