„Карты Лапіных” з’явіліся ў Гародні



У гарадзенскай “Цудоўні”, краме “Лёля” у новым і старым гарадзенскіх замках ў продажы з’явіліся адноўленыя „Карты Лапіных” – гральныя карты, зробленыя па макетах картаў 100-гадовай даўніны. За два дні ўжо было прададзена больш за 100 калодаў, а крамы па краіне замовілі яшчэ 200.

Пра попыт на „Карты Лапіных” распавядае прадстаўнік суполкі А4, якая займалася аднаўленнем картаў, Антон Янкоўскі:

– Было вельмі шмат добрых водгукаў сказана падчас прэзентацыі самой гульні. Прычым, гэта былі людзі рознага ўзросту. Кожны прыходзіў, цікавіўся, набываў, казаў словы падзякі. Такім чынам мы зразумелі, што гэта не проста моладзевы прадукт. Гэта прадукт на любы ўзрост.

Па словах Антона Янкоўскага, першы наклад картаў амаль скончыўся.

Аднак цягам бліжэйшага тыдня гэты адноўлены рарытэт з’явіцца амаль ва ўсіх крамах Гародні, што гандлююць сувенірамі.     

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня