Каштоўнасці Раманавых на $ 1 млн знайшлі ў падвале ў Ташкенце



У падвале аднаго са старадаўніх будынкаў у Ташкенце былі знойдзеныя каштоўнасці з асабняка вялікага князя Мікалая Канстанцінавіча Раманава, страчаныя 80 гадоў таму, паведамляе ўзбекскі навінавы сайт kun.uz. Кошт скарбу можа перавышаць $ 1 млн.

Сярод знойдзенага апынуліся творы мастацтва, залатыя і срэбныя манеты, посуд, старадаўнія абразы і каштоўныя металы. Па дадзеных сайта, знаходкі перавезены ў музей. У бліжэйшы час частку з іх плануецца перадаць у спецыяльную лабараторыю, дзе нямецкія і польскія спецыялісты зоймуцца правядзеннем рэстаўрацыйных работ.

Дакладная колькасць знаходак, іх назвы і кошт пакуль не былі названыя. На месцы працягваюцца пошукі. Каштоўнасці былі ўзятыя пад дзяржаўную ахову як помнік гістарычнага значэння.

Князь пабудаваў сабе палац-рэзідэнцыю ў стылі мадэрн у Ташкенце ў 1891 годзе. У падвале палаца было абсталявана жылое памяшканне, у якім у моцную спёку было халаднавата. Князя Раманава саслалі ў Туркестан па рашэнні царскай сям’і ў 1877 годзе, ён пражыў тут да самай смерці ў 1918 годзе. Частка сабранай князем калекцыі пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны была перамешчаная ў мясцовы музей мастацтва, а ўсё астатняе прызнана згубленым.