Кашубская мова ў Польшчы
Польшча – восьмая па насельніцтве краіна ў Еўропе і шостая у Еўразвязе. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва складае 122 чалавекі на км². Па плошчы ў паўтары разы большая за Беларусь. 97,8% жыхароў у час апошняга перапісу насельніцтва заявілі, што дома гавораць па-польску. Сёння польскай мове нічога не пагражае. Пры добрай эканамічнай сітуацыі мова не толькі развіваецца, але пастаянна пашырае свае ўплывы на суседнія краіны. Напрыклад, на Гарадзеншчыне адкрыты 2 польскамоўныя школы (Гародня, Ваўкавыск). Акрамя беларусаў-аўтахтонаў у Польшчы жывуць сілезцы, немцы, украінцы, кашубы і іншыя.
Разам з чэшскай, славацкай, верхне- і ніжнелужыцкай польская мова складае заходнюю групу славянскіх моў. У 8-9 стагоддзі адбыўся падзел яе на ляхіцкія, лужыцкія і чэшскія дыялекты. Ляхіцкія дыялекты склалі аснову польскай мовы.
У 13-14 стагоддзях з’яўляюцца пісьмовыя помнікі на польскай мове: Bjurodzica, Свентакшышская пропаведзь і Фларыянскі псалтыр.
У 16 стагоддзі польская мова выцясняе латынь з мастацкай, палітычнай і рэлігійнай літаратуры. З’яўляюцца арфаграфічныя трактаты Я. Манчынскага. У 1568 г. была выданая, напісаная на лацінскай мове, першая граматыка польскай мовы П. Сарторыўса-Стаенскага. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай паміж суседзямі, польская мова, асабліва ў расейскай імперыі пасля вызвольных паўстанняў і іх паразаў цярпела абмежаванні. Разам з літоўцамі палякі атрымалі магчымасць напачатку 20 стагоддзя адкрываць афіцыйна ўласныя школы. Беларусам афіцыйна адкрываць беларускія школы ў расейскай імперыі не дазвалялі да 1915 года, да прыходу немцаў. Але іх адкрывалі падпольна. Калі Польшча ў 20 стагоддзі зноў здабыла незалежнасць, назіраўся росквіт польскай культуры і літаратуры. Польская мова стала дзяржаўнай. У гэты час складаюцца капітальныя слоўнікі, фундаментальныя граматыкі польскай мовы. Узнікаюць інстытуты польскай мовы і культуры. У часы пасляваеннага ўплыву на палітыку Польшчы з боку СССР, нацыянальныя меншасці ў Польшчы не мелі магчымасці паўнавартаснага культурнага і моўнага развіцця. І нават пасля ўваходжання ў Еўразвяз, назіраліся лакальныя, непрывабныя для краін Еўропы перагібы у справах нацыянальных меншасцяў.
Поўнач Польшчы. Кашубія. 2004 год… Кашубы скардзяцца, што прыязджалі польскія нацыяналісты і палохалі іх. Пакінулі ім малюнак з шыбеніцай пад якой напісалі прозвішчы 12 самых актыўных кашубаў-адраджэнцаў. Але яны не баяцца, бо на сваёй зямлі. Чымсьці яны нагадваюць беларусаў, якіх турбуе свая мова, культура, гісторыя, нават знешне падобныя, нейкая прыніжанасць у вачах. Але кашубы ў Польшчы – этнічная меншасць. Кашубская мова (уласная назва: kaszëbsczi jãzëk) – заходнеславянская мова, лехіцкай падгрупы. Размаўляюць на ёй у мясцовасцях, што ляжаць на захад і поўдзень ад Гданьску. Да кашубскай мовы блізкая польская мова. Колькасць чалавек, што размаўляюць на кашубскай мове, складае прыблізна ад 50 да 150 тысяч чалавек. Пісьменства – на падставе лацінскага алфавіту. Праўда, паміж апошнімі перапісамі насельніцтва ў Польшчы колькасць кашубаў вырасла неверагодна хутка!
Паводле перапісу 2002 году, кашубамі назвалі сябе 5 тысяч чалавек. А ў 2011 годзе – ужо амаль 230 тысяч чалавек! Яны сталі другой па колькасці нацыянальнай меншасцю ў Польшчы, апярэдзіўшы і аўтахтонных беларусаў і іншых.
Беларусы з Беларусі і палякі ў кашубскай школе (здымак аўтара).
Флёрыян Цэйнова, пачынальнік кашубскай літаратуры, пачаў будзіць кашубаў у час «вясны народаў». Першы слоўнік кашубскай мовы з’явіўся напрыканцы ХІХ стагодзьдзя. У кашубскай мове ёсць германізмы, але іх ня болей, чым 5%. Кашубская мова зусім нядаўна была класіфікаваная як асобная мова.
У часы ПНР, у 1945-1989 гадах, нельга было гаварыць пра кашубскую мову як пра асобную. З вярхоў тады ішоў сігнал – адзін народ, адна мова! Сёння ў сем’ях па-кашубску гаворыць толькі пакаленне дзядоў, а бацькі і ўнукі ўжо па-польску. Калі маладыя не гавораць па-кашубску паміж сабой, дык перадаць мову далей яны не змогуць і вось тут…
Узнікае важная роля кашубскай школы. Кашубская мова з’явілася ў школе ў 1990 годзе, але ў большасці выпадкаў сітуацыя выглядае так, што дзеці вучацца кашубскай як чужой мове, як мове, якой яны раней наогул ня чулі або чулі толькі зрэдку. У Народнай Польшчы ў школах увогуле не вучылі кашубскай мове.
Існуе раман на кашубскай мове, «Жыцьцё і прыгоды Рэмуса», напісаны Аляксандрам Майкоўскім у 1938 годзе. Потым яго пераклалі на польскую мову. Гэта найвыдатнейшы кашубскі раман. З таго часу лепшага пакуль не напісалі.
Стандартызацыя кашубскай мовы яшчэ не закончылася. Яшчэ існуюць у мове розныя дыялектныя варыянты. Апошняя спроба стандартызацыі і нармалізацыі правапісу была ў 1996 годзе. Існуе таксама адмысловая Рада кашубскай мовы.
У школе настаўнікі кашубскай мовы выкарыстоўваюць наступны падыход – пісаць дзяцей вучаць адной правапіснай нормай, а вымаўляць дазваляюць не толькі паводле літаратурнага стандарту, але і згодна з мясцовымі, дыялектнымі асаблівасцямі. Ёсць некалькі выдавецтваў, якія выдаюць літаратуру па-кашубску. Ёсць пісьменнікі і паэты. Паэзія пераважае, але людзі чакаюць ад пісьменнікаў новага выдатнага рамана па-кашубску. Сярод кашубаў жывуць і беларусы з усходу Польшчы. Дапамагаюць ім ствараць культурную аўтаномію, якая стала брэндам гэтага краю. Мясцовая польская адміністрацыя таксама падтрымлівае адраджэнцаў кашубскай мовы і культуры, не кажучы пра немцаў.
Кашубы на адным з культурніцкіх фэстаў
Бадай самым вядомым у сучасным свеце кашубам стаў з 2014 году старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск. Афіцыйная ўлада бачыць кашубскую мову і культуру своеасаблівым “цэментам” рэгіёна.
Еўрапейская супольнасць выдзяляе грошы на развіццё унікальнасці гэтага краю. Кашубская мова школы, кашубская кухня (неверагодна смачная), мясцовая культура, фальклор. Неверагодна прыгожыя азёрныя краявіды. Усё разам стварае вельмі цёплую і утульную атмасферу для турыстаў. Толькі некаторыя маладыя круцяць галовамі і здзіўляюцца, што нехта лічыць сябе ў Польшчы не палякам, а кашубам. Дарослыя палякі з іншых рэгіёнаў тут бачаць нейкую адметнасць і хочуць прыехаць сюды ізноў… А каб на іх ціснулі ўлады, не давалі б развівацца культурна, каб яны не сталі часткай Еўразвязу і не мелі б фундатараў на развіццё, хто з гэтага выйграў бы – ніхто: ні кашубы, ні палякі, ні турысты з іншых краін.
Алесь Крой, адмыслова для Беларускага Радыё Рацыя