Касцёл у Будславе накрылі часовым дахам
Пашкоджаны пажарам касцёл у Будславе накрылі часовым дахам, паведамляе сайт catholic.by.
„Да зімы накрылі касцёл часовым дахам з ацынкаванага прафіляванага насцілу. Зрабіць капітальны новы дах з медзі не ўдалося па двух прычынах: не хапіла часу і сродкаў”, – адзначыў пробашч Дзмітрый Дубовік.
„Спадзяюся, што да ўрачыстасці Усіх Святых (1 лістапада) пачнем маліцца ў касцёле”, – сказаў святар.
Ксёндз Дзмітрый падзякаваў „ахвярадаўцам, тым, хто збіраў сродкі, валанцёрам, якія дапамагалі разбіраць завалы, прыбіралі смецце і рабілі шмат іншай карыснай і патрэбнай працы, а таксама будаўнікам, якія працуюць на касцёле без выходных, вахтавым метадам”. Пажар у касцёле здарыўся 11 траўня. Грошы на яго аднаўленне беларусы збіралі па ўсім свеце.
Беларускае Радыё Рацыя