«Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні»



12 сакавіка ў Менску адбудзецца перадпрэмерны паказ фільму «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні», знятага рэжысёрам Валерам Мазынскім для тэлеканалу «Белсат». Ролю кіраўніка паўстання 1863-га году выканаў актор Купалаўскага тэатру Раман Падаляка.

Кінааповед мае арыгінальную форму: апошнія дні Кастуся Каліноўскага перад смяротным пакараннем рэканструюе тэатральная трупа, якая спрабуе асэнсаваць для сябе асобу паўстанцкага лідара, звяртаючыся да дакументаў эпохі і сведчанняў яго сучаснікаў.

Snimok-ekrana-2016-03-02-v-18.03.03

Пасля паказу фільму ў ахвотных будзе магчымасць задаць пытанні рэжысёру і акторам, узяць аўтографы. Таксама адбудзецца дыскусія з удзелам стваральнікаў фільму пра тое, ці здольныя цяперашнія беларусы на ахвяры дзеля Радзімы так, як Кастусь Каліноўскі.

«Кастусь Каліноўскі мог выратаваць сабе жыццё за мяжою, як гэта зрабілі іншыя, але не зрабіў гэтага. На першым месцы ў Кастуся Каліноўскага была адказнасць перад паўстанцамі, якіх расстралялі, павешалі, выслалі ў Сібір… Тая самаахвярнасць у імя ідэі, якую арасіла кроў ягоных паплечнікаў, не дала яму права схавацца. Гэта актуальны момант і для сённяшняй беларускай апазіцыі», – заўважае спадар Мазынскі.

Прагляд фільму «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні» адбудзецца ў менскай кнігарні «Галіяфы» (Старавіленская,6 – у Траецкім прадмесці) 12 сакавіка, у суботу.

Пачатак – а 18.30. Уваход вольны.

https://www.youtube.com/watch?v=pZPZ-UVttV4

Белсат