Кастусю Харашэвічу споўнілася б 90 гадоў
Спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння выбітнага мастака Віленскага краю Кастуся Харашэвіча. 6 ліпеня 1927 году на памежжы гістарычнай Літвы з Полаччынай, у вёсцы Літва цяперашняга Маладэчанскага раёну, у сялянскай сям’і нарадзіўся хлопчык, якога назвалі імем Канстанцін, што з латыні перакладаецца як “сталы”, “устойлівы”. І трэба сказаць, што Харашэвіч усім сваім жыццём і творчасцю пацвердзіў гэты эпітэт. Вучоба ў Барыса Кіта, дзейнасць у Саюзе Беларускай Моладзі, жыццё і вучоба ў старажытнай Вільні, нарэшце, вучоба ў Менскай мастацкай вучэльні на ўсё жыццё наклалі адбітак на светагляд і мастацтва Кастуся Іванавіча.
Кастусь Харашэвіч з маладэчанскімі мастакамі
Нішто не магло зламіць гэтага мужнага чалавека, нават трагічная смерць сына-студэнта. Ён увесь час заставаўся актыўным ўдзельнікам у адраджэнскіх арганізацыях – ТБМ, БНФ, суполцы мастакоў “Пагоня”. Нават, будучы напрыканцы жыцця ўжо зусім слабавідушчым, ён працягваў ствараць. На маю просьбу Кастусь Іванавіч па памяці ўзнавіў свой колішні твор “Вільня”, бо арыгінал, як і многія яго работы, захоўваўся ў адным з шматлікіх ці то дзяржаўных, ці то прыватных фондах. Ён не меў ніякіх высокіх званняў і ўзнагародаў, але да яго яшчэ пры жыцці ставіліся як да класіка нацыянальнага мастацтва. Кастусь Харашэвіч па праве займае сваё пачэснае месца ў шэрагу такіх слынных маладэчанцаў як Генадзь Каханоўскі і Мікола Ермаловіч. У 2004 годзе стараннямі маладэчанскіх энтузіястаў была выдадзена кніжка ўспамінаў Кастуся Харашэвіча “Зведанае і перажытае”.
Карціна Кастуся Харашэвіча „Вільня”
Памёр Вялікі мастак 12 ліпеня 2013 года і пахаваны на старых маладэчанскіх могілках.
Алесь Капуцкі, Маладэчна, для Беларускага Радыё Рацыя, фота з архіва аўтара