Кастылія-Іспанія і моўная стракатасць Каралеўства
Перш чым расказаць пра адраджэнне нацыянальных моваў розных частак сённяшняй Іспаніі, спачатку раскажам крыху пра гісторыю і агульную сітуацыю ў гэтым Каралеўстве, а таксама стан іспанскай мовы.
У 1210 годзе, маленькая Кастылія амаль не адрознівалася ад сваіх суседзяў…
Праз 800 гадоў Кастылія (Іспанія) – трэцяя па плошчы сярод еўрапейскіх краін пасля Ўкраіны і Францыі (без Расеі і Казахстану, большая частка тэрыторыі якіх знаходзіцца ў Еўразіі). Беларусь па плошчы тэрыторыі (207,6 тыс. кв. км.) саступае Іспаніі (505 тыс.) больш як у два разы і займае 13-14 месца, а па насельніцтве на 2014 год 16-е месца з некалькіх дзесяткаў краін Еўропы. У сярэднявеччы наша дзяржава ВКЛ была адной з найбуйнешых у Еўропе, а Іспанія адной з найбуйнейшых у свеце (разам са шматлікімі калоніямі, якія “добраахвотна” далучыліся да імперыі – ад Канады да Мальвінскіх астравоў).
Пірэнейскі (Іберыйскі) паўвостраў сваімі абрысамі нагадвае галаву чалавека. Партугалія – “твар”, Іспанія – “шавялюра”. Да слова майму сябру-аднакурсніку з Летувы, які вандруе ўжо дзясяткі гадоў па кантыненце, найбольш талерантнымі з усіх Еўрапейскіх краін падаліся менавіта жыхары Іспаніі, асабліва Каталоніі.
Іспанія мае вялікія даходы ад турызму, іх колькасць сягае за год некалькіх дзесяткаў мільёнаў еўра. Тут знаходзіцца 44 аб’екты Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА (3-е месца пасля Кітаю і Італіі). Каралеўства Іспанія з насельніцтвам у 47 мільёнаў чалавек (на 2013 год), некалі змагло падпарадкаваць і навязаць сваю мову не толькі сённяшнім тром аўтаноміям Іспаніі, але і іншым кантынентам, дзелячы “Новы свет” з Партугаліяй па 38-ым мерыдыяне. Адбылося гэта дзякуючы буле Папы Аляксандра VI. Пазней дакументы па дэмаркацыі межаў паміж Кастыліяй і Партугаліяй скарэктавалі па 46-ым мерыдыяне…Менавіта таму ў былой партугальскай Бразіліі дамінуе партугальская мова, а ў кірунку Ціхага акіяну ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы – іспанская (мовы былых метраполій).
Іспанская мова адна з самых распаўсюджаных моў у свеце (амаль паўмільярды чалавек-носьбітаў на 2012 год) і ёй нічога не пагражае. Яна ўпэўнена “экспартуецца” і ў ЗША, дзе сярод роўных працашукальнікаў ў некаторых паўднёвых штатах прыярытэт будзе адданы чалавеку, які валодае дзвюмя мовамі – ангельскай і іспанскай. У ЗША (як і ў Вялікабрытаніі) заканадаўча панятку аб дзяржаўнай мове няма. Але, фактычна пакуль прыярэтэт паўсюль мае ангельская.
Паводле дадзеных інстытута Сервантэса іспанская мова займае другое месца ў свеце пасля кітайскай. На сучаснай тэрыторыі Іспаніі знаходзяцца былыя краіны і каралеўства, сёння, амаль два дзясяткі аўтаномій. Найбольш вядомыя ў свеце з-за памкнення да аўтаноміі і незалежнасці Галісія, Каталонія, Эўскадзі, апошнюю яшчэ называюць Краінай Баскаў.
На тэрыторыі аўтаномных абласцей разам з іспанскай маюць афіцыйны статус такія мовы: у Галісіі – галісійская, у Каталоніі – каталанская і аксітанская (у форме аранскай гаворкі), у Краіне Баскаў – баскійская (мова Эўскара), у Валенсіі і на Балеарскіх выспах – каталанская (афіцыйна яна называецца валенсійская). Для таго каб уладкавацца на прыстойную працу ў гэтых аўтаноміях неабходна валодаць як мінімум дзвюмя мовамі – іспанскай і карэннай мовай аўтаномій. Усе тры аўтаноміі займаюць выгаднае геграфічнае становішча – маюць выхад да мора і знаходзяцца на перасячэнні важных транспартных шляхоў.
Іспанія – сучасны адміністрацыйны падзел
Тры аўтаноміі – Галісія, Краіна Баскаў, Каталонія хочуць быць роўнымі з былой Кастыліяй (Іспаніяй), ці “старэйшым братам”. Жыхары гэтых аўтаномій гавораць і па-іспанску, але родную мову любяць больш! У гэтых аўтаноміях ёсць праблемы ў моўнай сферы, але яны ў многім меншыя, чым у незалежнай краіне – імя якой Беларусь. Пра развіццё моваў у Галісіі, Каталоніі і Краіне Баскаў у наступных аатыкулах.
Алесь Крой, адмыслова для Беларускага Радыё Рацыя