Каталонія і Беларусь: моўныя паралелі



Каталоніягістарычная вобласць і аўтаномія Іспаніі знаходзіцца ў паўночна-усходняй частцы Пірэнейскага паўвострава, паміж Міжземным морам і Пірэнеямі. Мяжуе з Францыяй і Андоррай. Займае выгаднае геаграфічнае становішча. Плошча аўтаноміі, амаль як у Галісіі – 32 тыс. км. кв. (сярэдняя шчыльнасць насельніцтва вышэй беларускай (46 чал. на кв.км.) у некалькі разоў, па розных звестках – 210-225 чал. на кв.км. Колькасць насельніцтва каля 7,5 млн. чал., 2013 г.) Гэта ў 7 разоў больш, чым на Гарадзеншчыне. Сталіца – Барселона.

Каталонія на мапе Іспаніі

Якія ж галоўныя адметнасці Каталоніі стварылі неверагодную прывабнасць для замежных турыстаў гэтай невялікай тэрыторыі, прыкладна роўнай Гарадзеншчыне?

Самыя галоўныя адметнасці амаль любой краіны свету – мова і культура. На гэтым галоўным “падмурку” рукамі і розумам пакаленняў ствараюцца цікавыя прывабнасці і адметнасці народа. Бадай, апошнім самым вядомым вялікім “творам” шматлікіх пакаленняў для Каталоніі стаў Храм Святога Сямейства. Яго будуюць каталонцы яшчэ з дня народзінаў нашага Янкі Купалы. Будаўніцтва храма аб’яднала некалькі пакаленняў каталонцаў і ён яшчэ не дабудаваны. Сімвалічна, але каталонцы пакуль не дамагліся і незалежнасці ад Іспаніі. Важнай адметнасцю ў 20-21 стагоддзях стаў адзін з лепшых спартовых клубаў свету “Барселона”, які каталонцы называюць “больш чым клуб”. Каталонцы моцна матываваныя ствараць нешта новае і найлепшае ўжо шмат гадоў. Яны адчуваюць повязь з мінулым, бо мова і культура сілкуе іх энергіяй і вылучае сярод іншых народаў, яны з гонарам паказваюць на сваім “культурным падмурку” для іншых самае лепшае. Калі не атрымоўваецца нешта адразу, робяць працу над памылкамі і зноў ідуць наперад. Мы, здаецца, маем незалежнасць дэ-юрэ, але фармаванне “падмурка” увесь час кансервуецца ў пачатковай стадыі. А кіраўніцтва краіны за апошнія 23 гады “адкручвала машыну часу” назад, у савецкі перыяд, дзе панавала адна расейская мова і культура…

Пачнём з мовы. З нагоды вялікага свята – 500-годдзя выхаду першай беларускай Бібліі параўнаем дзяржаўную падтрымку самай важнай адметнасці Беларусі – беларускай мовы на Гарадзеншчыне і падтрымку каталонскай мовы ў Каралеўстве Іспанія – аўтаноміі Каталонія.

Шматлікія каталонцы лічаць, што ўсе, хто размаўляе па-каталанску, маюць каталонскую нацыянальную ідэнтычнасць і, адпаведна, павінны быць складнікамі аднаго дзяржаўнага фармавання. Прыкладнымі межамі гэтай дзяржавы лічыліся кардоны сярэднявечнага Арагонскага Каралеўства, якое ў найлепшыя часы ўключала Корсіку, Сіцылію, Неапаль і г.д.

Каталонскія патрыёты лічаць тую эпоху залатым часам сваёй гісторыі, аднак каталанская мова, хоць і была сапраўды вельмі распаўсюджанай, не мела статусу дзяржаўнай. Справаводства ў каралеўстве вялося на лацінскай або на іспанскай мовах.

Сучасная каталанская мова больш падобна на французскую, чым на іспанскую. У 16 ст. (залаты век Іспаніі і ВКЛ), каб пашырыць цэнтралізацыю, іспанская інквізіцыя пад выглядам барацьбы з ерэтыкамі змагалася з апазіцыяй сярод заможных каталонцаў.

Знакавая дата для каталонцаў 11 верасня 1714 г. лічыцца нацыянальным святам Каталоніі, бо нацыянальных дух і незалежніцкі характар засталіся назаўсёды, хоць іспанцы тады перамаглі. Пасля паразы ў вайне за іспанскую спадчыну (1705-1714 гг.) была адменена аўтаномія і прывілеі.

Два з паловай стагоддзі іспанцы разбуралі нацыянальную ідэнтычнасць каталонцаў, забаранілі мову ў справаводстве, канстытуцыю, зачынілі каталонскія ўніверсітэты, сярэднія і пачатковыя школы…але, каталанскай мове, як і ў іншых краінах здрадзіла спачатку заможная вярхушка.

Страціўшы незалежнасць у сярэднія вякі, частка каталонцаў неяк захавала сваю мову і адметнасць. У ХХ ст. пры Франку мова амаль знікла з ужытку, але пасля падзення дыктатуры адбылося імклівае адраджэнне. Беларусы і тут вызначыліся ідэалагічным падзелам. Франкістам, як і Пілсудскаму, дапамагаў Станіслаў Булак-Балаховіч, іншаму боку – Кірыла Арлоўскі.

Сёння працоўная мова ў парламенце амаль цалкам каталанская.

Беларусы, маючы незалежнасць шмат гадоў, не маюць  магчымасці мець увесь палітычны спектр краіны ў заканадаўчым органе. Мова ў беларускім заканадаўчым органе расейская. Беларуская – як выключэнне ў адзінкавых дэпутатаў. Справаводства (за рэдкім выняткам) таксама ў незалежнай дэ-юрэ Беларусі пасля 1995 г. вядзецца на мове былой метраполіі. А ў іспанскай аўтаноміі Каталонія – на каталанскай.

Пачатковая і сярэдняя адукацыя ў Каталоніі таксама толькі па-каталанску.

Гэта як бы кампенсуе іншыя сферы гаспадаркі, дзе дамінуе іспанская – у войску, важнейшых галінах паліцыі, цэнтральных тэлеканалах…

На Гарадзеншчыне за апошнія 23 гады колькасць вучняў што навучаюцца па-беларуску зменшылася да 15% ад агульнай колькасці-астатнія больш як 84% сталі вучыцца па-руску. У гарадах вобласці ў 2016/2017 гг. навучальным годзе не засталося (не адкрыта) ніводнай школы (гімназіі) па-беларуску. З 2010 года з’явіліся невялікія беларускія класы, але пасля ўкраінскіх падзей сітуацыя не палепшылася, а нават пагоршылася. У Каталоніі, дзякуючы школьнай адукацыі на роднай мове – дзеці выдатна валодаюць і роднай і іспанскай – праз СМІ, навакольныя стасункі паміж людзьмі. Каталонскія выпускнікі школ, дзякуючы і двухмоўю на ЦТ па іспанскай мове паказваюць больш высокі ровень ведаў, чым сярэднія паказчыкі  па Іспаніі…

У Каталоніі ва ўніверсітэтах выкладчыкі выбіраюць самастойна мову выкладання, бо ведаюць што, мясцовыя студэнты валодаюць дзвума мовамі, а замежнікі прыкладуць намаганні каб іх вывучыць.

У Гарадзенскім жа ўніверсітэце наадварот, каб зменшыць колькасць беларускамоўных выкладчыкаў – адпаведныя структуры знайшлі надуманыя прычыны і тэхналогію  выключэння іх з універсітэту. Нават студэнтаў з Сярэдняй Азіі нехта заахвочвае пісаць заявы ў дэканат на перавод навучання з беларускай на расейскую. Грамадскія ініцыятывы гадамі стараюцца захаваць маленькія выспы беларускасці, а адпаведныя службы за адзін момант робяць зачыстку гэтага, надумаўшы розныя прычыны.

У Каталоніі тэхналогіі працуюць наадварот – для пашырэння роднай мовы. Тэхналагічнае “моўнае пагружэнне” адмыслова распрацавана мясцовым Каталонскім парламентам каб мова магла сапраўды адрадзіцца…

У Каталоніі мова дакументацыі – каталанская, але калі грамадзянін звяртаецца па-іспанску, то і чыноўнік адразу “пераключаецца” ў размове на іспанскую…

У нас такое – хутчэй выключэнне. А па законе павінна быць правілам. Нават з ідэалагічнага аддзела аблвыканкаму ў Гародні на пісьмовыя звароты па-беларуску часам адказвалі па-расейску, хоць былы галоўны ідэолаг вобласці спадар Скрабко валодаў добра і расейскай і польскай і беларускай. Неяк адзін чыноўнік сказаў: “добра што вы  прыходзіце пару разоў на год, а то ў гарвыканкаме не пачуеш беларускай мовы і няма з кім паразмаўляць”.

З-за ўласнага страху і самацэнзуры на мове пакуль не гавораць нават тыя, хто яе добра ведае. Дзяржаўны падыход у моўнай галіне ў РБ пакуль ніяк не можа перамагчы сённяшні правінцыйны. Адсюль і ўсе нашы іншыя правінцыйныя хваробы.

У Каталоніі вельмі шмат у папулярызацыі мовы робяць музыкі, паэты, пісьменнікі.

У нас таксама апошнім часам пісьменнікі актывізаваліся ў папулярызацыі мовы. Маладыя музыкі, паэты ствараюць свае выдатныя творы, выйграюць розныя конкурсы ў Беларусі і за мяжой. Каб яшчэ ім не перашкаджалі…

Паводле закона 1998г. у Каталоніі ўсе шыльды, табліцы павіны быць па-каталанску. Ёсць і сімвалічны штраф за невыкананне закону. І гэта ў краіне, якая называецца Іспанія!

У Гародні назіраецца адваротны працэс. Шыльды з назвамі вуліц, крамаў, назвы тралейбусных прыпынкаў нават пры шматлікіх зваротах і заўвагах да ўладаў працягваюць пісаць з вялікай перавагай па-расейску. А чаму не адразу на дзвюх мовах?

Нават  канстытуцыйны суд Беларусі  ўжо ў другі раз (першы быў ў 2003 годзе) прызнаў, што «пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі дзяржаўных моў на практыцы баланс іх выкарыстання не заўсёды захоўваецца».

У Каталоніі, хто хоча ў дадатак да каталанскай карыстацца іспанскай – калі ласка. У 2000 г. там быў прыняты дэмакратычны закон па фільмах, што дэманструюць у кінатэатрах: 50% па-іспанску, 50% па-каталанску. Але шмат пакуль перашкодаў, бо толькі 3% ішлі ў дубляжы па-каталанску. Усё часцей каталонцы робяць як скандынавы. Замежныя фільмы замест дубляжу будуць паказваць сістэмай субцітраў. Гэта дапаможа людзям засвоіць і родную мову і англійскую.

У Гародні, упершыню з ініцыятывы А.Кіма і кампаніі “Вэлкам” ў вялікай залі кінатэатру “Чырвоная зорка” быў паказаны замежны мультфільм агучаны па-беларуску. Быў нават аншлаг. Цывілізаваны свет даўно адышоў ад ведання адной мовы. Будучыня – за шматмоўнымі людзьмі. А першы крок для гэтага – вывучыць 2 дзяржаўныя мовы.

У Беларусі пакуль большасць насельніцтва, нават за 20 гадоў прыніжэння мовы, прызнае роднай беларускую. Але дзяржаўныя механізмы па інерцыі яшчэ працуюць супраць гэтай большасці.

У Каталоніі перавагу аддаюць іспанскай 45%, каталанскай – 35%. Каля 20% актыўна карыстаюцца трасянкай, ці абедзвюма мовамі…

На пачатку 18 ст. каталанская мова страціла свой афіцыйны статус. Паўсюдна дамінавала іспанская. Шматлікія імігранты, знайшоўшы прытулак на землях Каталоніі, да яе ставіліся абыякава. Некаторыя і варожа, бо яна ім “каўбасу” не давала.

Больш 40 гадоў назад, амаль 40% жыхароў Каталоніі былі родам з іншых краёў. Без агрэсіі і спробаў замяніць адну мову другой каталонцы папулярызавалі мову. Нават у часы Франка (да 1975 г.) свядомыя размаўлялі на роднай мове дома, часам і ў грамадскіх месцах. Выпускалі газеты, друкавалі кнігі – хоць было небяспечна.

Мігранты убачыўшы, што каталанскую мову падаюць без прымусу, далучаліся і папулярызавалі яе.

Пасля аднаўлення ў 1978 г. дэмакратыі, атрымаўшы аўтаномны статус, аўтахтоны і мігранты выступілі за падтрымку каталанскай мовы. Напачатку 90-ых гадоў 20 ст. амаль усе жыхары Каталоніі навучыліся разумець і гаварыць на ёй. Убачылі, што для грамадства мова станавілася цэментам, які трымае ўсю канструкцыю. У свеце яе разумеюць зараз каля 12 мільёнаў чалавек, гэта шостая (!) раманская мова па колькасці носьбітаў.

Сама вялікі і прыгожы даўгабуд Барселоны – Храм Святога Сямейства.

З-за новай хвалі мігрантаў з Марока, Паўднёвай Амерыкі і Усходняй Еўропы адсотак ведаючых каталонскую мову трошкі знізіўся. Абедзве краіны (Рэспубліка Беларусь, Каталонія) маюць геаграфічную назву ў адпаведнасці з іх прыналежнасцю да імперый, адна з іх некалі называлася Паўночна-Заходнім краем, а другая Паўночна-Усходнім краем. Насельніцтва Каталоніі і Беларусі  сціплае і працавітае, калі ёсць адпаведная матывацыя. Каталонія шмат разоў абвяшчала незалежнасць ад Іспаніі, яе тэрыторыя не раз апыналася пад акупацыяй Францыі, як і тэрыторыя Беларусі вагалася паміж Польшчай і Масковіяй.

Ёсць  таксама тэорыя, якая сцвярджае, што каталонская мова ёсць першародная крыніца і аснова, на якой стваралася французская і іспанская, тое ж самае можна пачуць і ад беларускіх патрыётаў  пра беларускую мову, з якой выйшла, як мінімум, сучасная расейская. Пра гэта нават Даль сцвярджаў у 19 ст. у артыкуле “о наречіях велікорускаго языка”, дзе беларусаў называе ліцвінамі і ўказвае на паходжанне сучаснай вялікарускай мовы ад паўночнага і смаленскага (беларускага нарэчый). У Масковію прыйшло і славутае беларускае “аканне” у 17 ст. пры змушаным перасяленні (у часы “Патопу”) сотняў тысяч ліцвінаў-беларусаў.

І апошняе. Ніхто сёння не збіраецца гвалтоўна беларускай мовай замяняць расейскую мову, як часта пра гэта ўзгадваюць беларусафобы, беларусы ў сувязі з навязаным ў 1995 г. рэферэндумам патрабуюць выконваць яго арганізатараў галоўнае –  роўнасць расейскай і беларускай моваў у розных сферах дзейнасці грамадства. 50 на 50! Гэта будзе дэмакратычна і сучасна, набліжана да Каталоніі.

Дзякуючы Францыску Скарыну 500 гадоў назад Усходняя Еўропа ўпершыню атрымала друкаваную Біблію на старабеларускай (яе тады называлі рускай, а сённяшнюю рускую называлі маскоўскай) мове. Дзясяткі друкарняў ужо працавалі ў Беларусі(ВКЛ), калі ў Масковіі яшчэ варожа ставіліся да друкароў-асветнікаў, абвінавачваючы ў “ерасі”. Тады ліцвіны-беларусы былі наперадзе не толькі ўсіх нашых суседзяў, але і далёкай Каталоніі.

Алесь Крой, Гародня, для Беларускага Радыё Рацыя