Католікі вярнулі пляцоўку, дзе стаяў узарваны савецкімі ўладамі храм



Беларускім католікам перадалі ўчастак зямлі ў Стоўбцах, на якім раней стаяў гістарычны касцёл, піша katolik.life. Два гады таму на гэтай тэрыторыі былі знойдзены старажытная магіла і парэшткі манаха Фабіяна Малішоўскага, які памёр у 1644 годзе.

У 1953 годзе савецкія ўлады ўзарвалі храм, які тут знаходзіўся. І доўгі час на гэтай пляцоўцы размяшчалася спартовая плацоўка сярэдняй школы.

„Вернікі, якія выязджалі са сваіх дамоў, хаваючыся ад рэлігійнага і сацыяльнага пераследу пасля Другой сусветнай вайны ў Польшчу, схавалі парэшткі ў сутарэннях касцёла, і пакінулі адпаведны план ў курыі біскупа ў Драгічыне. Доўгія гады ніхто не ведаў дзе знаходзіцца “святы Фабіян”, пакуль не прыйшоў час”, — распавядае выданне katolik.life.

Цяпер гэтую зямлю атрымала мясцовая каталіцкая парафія. Тут плануюць адбудаваць капліцу святога Дамініка і аднавіць склепы, дзе месцяцца пахаванні фундатараў і манахаў-дамініканаў. Ужо цяпер адбудаваныя частка былой касцёльнай агароджы і брама-званіца.