Кацярына Буніна: Моладзь хвалюе, што права ў краіне не працуе
9-га ліпеня ў Варшаве адбудзецца „HučnaFest“. Акрамя культурнай праграмы, наведнікаў падзеі чакае вялікая пляцоўка сацыяльных актыўнасцяў. Пра яе і агульныя працэсы ў сферы нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая паразмаўляла з Госцяй Рацыі, камунікацыйнай менеджаркай Беларускага нацыянальнага моладзевага савету „РАДА“ Кацярынай Бунінай.
— Што вы рыхтуеце да „HučnaFest“?
— Мы хочам яшчэ больш пазнаёміцца з беларусамі Варшавы, спадзяемся, што прыедуць з іншых местаў, будзем радыя ў сябе бачыць украінцаў і палякаў. Мы хочам нашымі актыўнасцямі паказаць, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Напрыклад, мы хочам пагуляць у кароткую гульню „Веру — не веру“, патлумачу сэнс: нядаўна галава адміністрацыі Лукашэнкі заявіў, што не задаволены роллю і статусам БРСМ у адукацыйных установах, і што ён не ўважаецца галоўнай беларускай арганізацыяй, і што толькі 15% моладзі назвалі любоў да радзімы важнай вартасцю. Цяпер праз гэта вельмі шмат аддана на прапаганду, падмену гістарычных паняткаў, шмат укараняюць „патрыятычнае“ выхаванне, як для дзяцей, так і ў школах і ўніверсітэтах. І мы хочам паставіць такія простыя пытанні пра розныя гістарычныя факты, спытаўшы, вераць ці не вераць людзі гэтаму, каб паказаць, як гісторыю паказваюць у Беларусі і наколькі гэта праўда ці няпраўда. Таму будзе цікава праверыць нашых беларусаў. А яшчэ хацелі б спытаць, што хвалюе моладзь. Вось нядаўна Наталля Качанава заявіла, што Беларускаму моладзеваму парламенту трэба пільна ўзмацняць статус сям’і — праблемай для моладзі, маўляў, ёсць прапаганда ЛГБТК+, і, вядома, змаганне з наркотыкамі.
Аднак нашыя даследаванні і даследаванні Моладзевага блогу, — яны прызнаныя экстрэмістамі ў Беларусі, — маюць іншыя вынікі. І яны паказваюць, што моладзь больш хвалююць нізкія заробкі, дарагія прадукты і тое, што права ў краіне не працуе. І вось хочацца спытаць у беларускай моладзі, што яны ўважаюць для сябе праблемай, над чым нам усім трэба працаваць. Гэта ў тым ліку тое, што дапаможа і нам у працы. Ну і хочацца забачыць тэндэнцыю, наколькі ж далёка ўрад і кіраўнікі ў Беларусі ад рэальнай сітуацыі, ад рэальных запытаў і патрэбаў моладзі.
Даведацца больш пра дзейнасць Беларускага нацыянальнага моладзевага савету РАДА можна на сайце аб’яднання: https://rada.fm/
Беларускае Радыё Рацыя