Кацярына Ваданосава: Нельга расшчапіць арнамент на „атамы”
Два дня запар на Фестывалі абуджаных „Tutaka” майстар-класы ішлі амаль бесперапынна.
У гасцей была выдатная магчымасць атрымаць новыя і карысныя веды. Дапамагала ў гэтай справе спявачка і паэтка Кацярына Ваданосава:
РР: Распавядзіце пра свой майстар-клас. Што на ім было? Пра што распавядалі?
– Я займаюся рэканструкцыяй традыцыйных беларускіх строяў. Строй – гэта такі комплекс. Я ўмею шыць, вышываць, ткаць. Я распавядала, па-першае, пра рэгіянальныя асаблівасці беларускіх традыцыйных строяў. Няма такой уніфікаванай штукі, як беларускі народны касцюм. Яны былі розныя, вельмі разнастайныя, вельмі цікавыя. Я паспрабавала ў межах свайго 45-хвіліннага выступу паказаць, па-першае, якія рэгіянальныя асаблівасці існуюць у Беларусі. Беларусь – гэта не „клачок зямлі”, як сказаў вядомы ўсім нам чалавек, а даволі вялікая краіна з вялізарнай разнастайнасцю мадыфікацый розных строяў. Другая палова майго выступу была прысвечана таму, што я збірала кожны элемент традыцыйнага строю. Я паспрабавала акрэсліць найбольш характэрныя іх рысы, як яны робяцца, тэхнікі стварэння. Таксама паспрабавала, не ведаю наколькі ўдала ці не ўдала ў мяне гэта атрымалася, разбіць некаторыя прымхі, забабоны, нейкія ненавуковыя, інфармацыйныя ўкіды, звязаныя з беларускім традыцыйным строем.
РР: Якія забабоны вы зняпраўдзілі сёння?
– Самы „улюбёны” забабон пра тое, што кожны элемент арнаменту можна вычапіць з арнаментальнага ўзору і надаць яму нейкае значэнне, нейкі сэнс. Зараз па ўсім інтэрнэце гуляюць „слоўнікі беларускага арнаменту”. Кшталту калі вы бачыце ромбік, то гэта значыць узаранае поле. Калі вы бачыце такую штучку з хвосцікамі, то гэта значыць узыходзячае сонца. Насамрэч гэта не так, гэта абсалютная прафанацыя. Я лічу сваім доўгам на кожным сваім выступе гаварыць пра гэта. Нашыя бабулі, прабабулі, не закладалі так, прабачце, што я ўжыю гэты выраз, такі тупы сэнс у беларускі традыцыйны арнамент. Калі жанчына аздабляла кашулю, фартух сабе ці сваім сваякам, мужу, дзецям. Яны не думалі: „Зараз я вышыю ромбік і гэта будзе значыць, што ў нас будзе добра радзіць поле. А побач я вышыю зорачку – гэта будзе азначаць мужчыну. Канешне не, бо беларускі арнамент – гэта комплекс. Гэта традыцыйная, вельмі ўстойлівая, шматгадовая праца нашых продкаў, у першую чаргу эстэтычная. Сэнсавая нагрузка гэтых рэчаў на жаль згубілася ўжо даўным-даўно. Было б абсалютна ненавукова спрабаваць расчапіць арнамент на „атамы” і кожнаму гэтаму „атаму” надаваць нейкі звыш сэнс, якім ён не валодае.
РР: Наколькі наведвальнікі цікавяцца гэтай тэмай?
– Я думаю, што такое пытанне варта задаць людзям, якія тут прысутнічаюць. Я з задавальненнем і радасцю назіраю тэндэнцыю да павелічэння цікавасці да беларускай традыцыйнай культуры ўвогуле. Гэта не толькі строй, не толькі касцюм, але і традыцыйныя спевы, музыка, гісторыя. Гэта мяне вельмі цешыць. Прынамсі не прыйшлося скардзіцца на тое, што ў мяне на лекцыі сядзелі тры чалавекі, якім было сумна. Нам было душна і спякотна, але гэта значна больш радасна і весела, чым разумець, што справа, якой ты займаешся, якая захапляе цябе цалкам і поўнасцю, больш нікому акрамя цябе не патрэбная.
Фестываль „Tutaka” на Беласточчыне прайшоў ужо ў трэці раз.
Беларускае Радыё Рацыя