Кацярына Ваданосава: Вырашыла, што гэта сапраўды будзе школа
Традыцыйны строй – гэта не толькі прыгожа. Уласнаручны выраб традыцыйнага строю вучыць адказнасці, цярплівасці, гісторыі і …патрыятызму.
![](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2023/08/20230823_104312-1024x768.jpg)
У гэтым перакананая „Госця Рацыі” музыка, рэканструктарка гістарычных і традыцыйных строяў, тэлевядучая Кацярына Ваданосава:
РР: Што гэта за школа, якую вы адкрываеце 14-га верасня? Чаму там можна навучыцца?
– Я пачну ад пачатку. Напэўна не бывае і дня, каб мне не пісалі людзі з запытамі: „Кацярына, зрабіце мне кашулю” ці „Зрабіце мне цэлы строй”. Мне трошкі надакучыла тлумачыць, што гэта вельмі доўга карпатлівая праца, якая займае месяцы, а можа быць і год. Калі мы бярэм рэканструкцыю поўнага строю, то гэта сапраўды прыкладна год. Да таго ж у мяне ёсць іншая праца. Мне заўсёды так трошкі крыўдна на сябе напэўна, што мне прыходзіцца адмаўляць людзям. З іншага боку я заўсёды прапаноўвала ім зрабіць строй самім. Насамрэч гэта не так цяжка, проста трэба шмат цярпення і вольны час. На што людзі казалі: „Мы ж не ўмеем”, „мы ж не можам”.
У рэшце рэшт я дайшла да таго, што зразумела, што ў Беларусі зараз ёсць курсы па стварэнні беларускага традыцыйнага строю, у некаторых польскіх гарадах таксама. Наколькі я ведаю ў Вільні ёсць такія гурткі, дзе людзі збіраюцца. Я па адукацыі педагог і мне гуртка проста мала. Я вырашыла, што калі рабіць, то па буйному. Вырашыла, што гэта сапраўды будзе школа. То бок у мяне будзе журнал, дзе я буду пазначаць наведвальнікаў, у мяне будуць заняткі прапісаныя. Мы не проста будзем збірацца, сядзець і размаўляць, гарбатку піць або вучыцца іголачку ў руках трымаць. У мяне ўжо распрацаваная праграма.
Да таго ж я ўжо калісьці працавала выкладчыцай мастацкай вышыўкі, навучала дарослых людзей гэтай справе. Там не зусім строй, менавіта вышыўка, але ёсць пэўны досвед у гэтай галіне. Таму гэта будзе школа з заняткамі раз на тыдзень. Кожны занятак будзе доўжыцца 2,5 гадзіны таму, што як паказвае практыка, 1,5 гадзіны гэта малавата, а 3 гадзіны ўжо замнога. Будзем вучыцца ад пачатку і да канца. Спачатку будзем вывучаць розныя віды швоў, потым прыйдзем да кашулі, а потым пойдзем да андаракаў і г.д. Усё залежыць ад цярпення і ад імпэту навучэнцаў. У мяне такія вельмі грандыёзныя, я б сказала планы, бо хацелася б дайсці да світак, то бок да верхняга адзення. Але там ужо пабачым.
![](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2023/08/366780375_257819913844784_2500745198955559131_n-1024x768.jpg)
![](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2023/08/367584520_686091049553906_2292282962145191729_n-819x1024.jpg)
![](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2023/08/367586568_1064571384511331_7420221433046321829_n-1024x768.jpg)
![](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2023/08/367589129_219936127373043_7672757847113284441_n-819x1024.jpg)
Беларускае Радыё Рацыя
![](/wp-content/uploads/2022/04/racyja_app_1200x300.jpg)